Дзіцячую серыю “Ветрачок” папоўніла кніга Дануты Бічэль

Выдавец Раман Цымбераў працягвае выдаваць навінкі ў межах серыі кніг для дзяцей “Ветрачок”, якую запачаткаваў летам 2025 году. Цяпер серыя папоўнілася зборнікам выбраных дзіцячых вершаў Дануты Бічэль.

У кнігу “Радзіма” старэйшыны беларускай літаратуры Дануты Бічэль уключаны найлепшыя дзіцячыя вершы, напісаныя паэткай на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. “Творы ўзнаўляюць перад юным чытачом цікавосткі навакольнага свету і прыгажосць нашай мовы”, гаворыцца ў анатацыі да выдання.

Як і належыць кнізе для дзяцей, зборнік “Радзіма” Дануты Бічэль праілюстраваны мастачкай Аляксандрай Адамовіч.

Выданні серыі “Ветрачок”, у тым ліку навінку, можа набыць у “Акадэмічнай кнізе”, у краме ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай (ралеты 41-42, час працы з пн па пт з 11 да 18.30, сб з 11 да 17, ндз з 11 да 16), а таксама праз сайт Kniger.by.