13 жніўня споўніцца 68 гадоў з таго дня, як пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі Якуб Колас. Беларусы ва ўсім свеце ўшаноўваюць памяць пісьменніка. Рэдакцыя Bellit.info прапануе вам невялікую афішу мерапрыемстваў, да якіх можна з гэтай нагоды далучыцца.
12 жніўня. Лекцыя пра Якуба Коласа ў Вільні
“Вядомы і невядомы Колас: псеўданімы, вайна і ненапісаны твор” — так гучыць назва лекцыі, якую прачытае коласаўнаўца і музеязнавец Алесь Крыжэвіч. Падчас сустрэчы можна будзе дазнацца пра нечаканыя павароты лёсу, малавядомыя факты жыцця і творчасці Якуба Коласа. Акрамя таго можна будзе задаць пытанні і абмеркаваць адвечнае пытанне, ці быў Колас савецкім, а таксама прыадкрыць для сябе таямніцы феномену творчай персоны беларускага класіка.
12 жніўня ў 18:00
Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні(Vilniaus, 20)
13 жніўня. Ускладанне кветак на Вайсковых могілках у Менску
Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа арганізоўвае сустрэчу і ўскладанне кветак на магілу паэта на Вайсковых могілках.
13 жніўня ў 13:20 запрашаюцца ўсе прыхільнікі ягонай творчасці.
Віленскія адрасы Якуб Колас: месцы звязаныя з паэтам і ягонай творчасцю
13 жніўня ў Вільні пройдзе творчая сустрэча з кінапраглядам, прысвечанная жыццю і творчасці пісбменніка — “Народны паэт” і віленскія адрасы Якуба Коласа”. Якуб Колас стаў фактычна першым буйным нацыянальным дзеячам, пра якога быў зняты асобны дакументальны фільм — 20-хвілінная стужка “Народны паэт” (1952). Прычым рыхтавалі яго яшчэ ў познесталінскую эпоху і для таго часу гэта было нешта новае. Дакументальная стужка “Народны паэт” (1952 года) насычана ідэалагічнымі вобразамі і штампамі, але, відавочна, ёсць цікавым помнікам эпохі.
Таксама падчас творчай сустрэчы коласазнаўца Алесь Крыжэвіч раскажа пра месцы літоўскай сталіцы, якія звязаны з Якуба Коласам, і тыя, пра якія пісьменнік пісаў у сваіх творах. Таксама гаворка будзе ісці пра першыя кнігі песняра, якія выходзілі акурат у Вільні.
13 жніўня ў 18:00
Цэнтр беларускай культуры і супольнасці ў Вільні (Vilniaus, 20)
Тэатралізаванае чытанне фрагментаў паэмы “Сымон-музыка” ў Менску
21 жніўня а 19-й гадзіне ў вялікай гасцёўні Дома-музея Якуба Коласа адбудзецца чарговае тэатралізаванае чытанне ўрыўкаў з паэмы “Сымон-музыка” акцёрамі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.
Чытанне п’есы — тэатралізаваная прэзентацыя п’есы, “правобраз” спектакля, прапанаваны рэжысёрам. Акторы чытаюць тэкст з паперы па ролях, і дзеянні разгортваюцца ва ўяўленні гледача. Многія аматары тэатру часта выбіраюць наведваць менавіта чытку, бо менавіта ў ёй ёсць прастора для асабістай фантазіі.
Чытаюць акторы РТБД: Ігар Сідорчык, Дзяніс Аўхарэнка, Алесь Ніканенка, Юлія Лазоўская, Дзмітрый Давідовіч, Ганна Лебедзева.
Рэжысёрк: Алена Зміцер.
Музыка: Мірон Шарай.
Кошт уваходнага білета – 20 рублёў
Набыць квіткі можна ў касе музея, або праз сістэму «ОПЛАТИ»
Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5