Журы зацвердзіла кароткія спісы намінантаў на Прэмію Цёткі, якая ўручаецца найлепшай кнізе для дзяцей і падлеткаў. На галоўную ўзнагароду ў 2023 годзе прэтэндуюць 4 кнігі у літаратурнай і 7 кніг у мастацкай намінацый. У 2024 — 5 і 6 кніг адпаведна.
Прэмія Цёткі прысуджаецца ў дзвюх намінацыях: за найлепшую аўтарскую кнігу для дзяцей і падлеткаў, напісаную на беларускай мове, а таксама за найлепшае мастацкае афармленне кнігі для дзяцей. У гэтым сезоне намінанты і журы маглі зашыфраваць сябе, каб зрабіць свой удзел непублічным у мэтах бяспекі.
Уручэнне Прэміі Цёткі адбудзецца на фестывалі інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA, які адбудзецца 7-9 лістапада ў Познані.
У літаратурнае журы Прэміі Цёткі сёлета ўвайшлі: паэт, перакладчык, філолаг Андрэй Хадановіч; кніжная блогерка і папулярызатарка беларускай літаратуры Кацярына Жамойдзіна; культурная менеджарка, заснавальніца фонду “Кніжны вырай” Кацярына Веразуб. Астатнія сябры журы ўдзельнічаюць непублічна. Сярод публічных сябраў мастацкага журы — мастачка і ілюстратарка Лілія Бусарава, якая стала пераможцай прэміі ў 2022 годзе.
“Я пільна сачу за беларускай дзіцячай літаратурай, — і як мама дваіх дзяцей, і як блогерка і падкастарка. Таму мушу адзначыць, што далёка не ўсе кнігі, якім варта было б удзельнічаць у сёлетняй прэміі, былі пададзеныя. І мы ўсе добра разумеем прычыны. Але нават у такіх няпоўных спісах хапае моцных кніг, якія мы з іншымі сябрамі журы былі радыя абмеркаваць. Тое, што адзначылі ўсе сябры журы: прэміі бракуе намінацый. Вельмі складана параўноваць дзіцячыя кнігі з падлеткавымі. Іх варта было б ацэньваць у асобных намінацыях, і спадзяемся, што ў будучыні прэмія іх займее”, — адзначыла сябра літаратурнага журы Кацярына Жамойдзіна.
Пэўныя асаблівасці ў сферы выдання дзіцячых кніг адзначыла і мастацкае журы: “У кантэксце цяжкага становішча беларускай мовы, беларускае кнігадрукаванне сустракаецца з дадатковым выклікам — зрабіць кніжку канкурэнтназдольнай на фоне іншамоўных выданняў. Але не толькі за кошт цікавага тэкста, але і за кошт якаснага мастацкага афармлення, якое можа на першым этапе знаёмства з кнігай завабіць дзяцей і бацькоў. Але, на жаль, прыходзіцца канстатаваць развіцце небяспечнай тэндэнцыі. Яе прыкметы ў тым, што большасці кніжных выданняў бракуе прафесійнага і сучаснага падыходу да стварэння ілюстрацый і дызайну кнігі. Такія тэндэнцыі могуць прывесці да таго, што беларуская дзіцячая кніга рызыкуе страціць сваю цэласнасць як культурная з’ява. Журы разумее, што цяпер цяжкі час для кнігавыдання не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. Наша мэта не крытыкаваць, а акрэсліць праблему і пачаць абмеркаванне — каб знайсці яе вырашэнне разам з прафесійнай супольнасцю”.
Кароткі спіс Прэміі Цёткі 2023
Літаратурная намінацыя

- Ева Вайтоўская “Гарэзлівы пацалунак. Кніга 2”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023.
- Валер Гапееў “Вольнеры. Прадвесце”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023.
- Алесь Кудрыцкі “Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2023.
- Андрэй Скурко “Хто жыве ў гаражы: вершы пра машынкі”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2023.
Мастацкая намінацыя

- Марыся Вярцейка – Марыся Вярцейка “Сплюшка і Каралева Жахаў”. Выдавецтва “Тэхналогія”, 2023.
- Багдан Даўгяла – Эліяш Барт “Джа: Легенда аб забраным сэрцы”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2023.
- Вольга Дзятко – Аляксей Пысін “Матылёчкі-матылі”. Выдавецтва “Мастацкая літаратура”, 2023.
- Вера Забароўская – Алесь Сапега “Першая чытанка”. Выдавецтва “Корчак”, 2023 (зашыфраваны ўдзел).
- Лізавета Лянкевіч – Ян Бжэхва “Акадэмія доктара Клякса”. Выдавецтва “Папуры”, 2023.
- Воля Кузьміч – Андрэй Скурко “Хто жыве ў гаражы: вершы пра машынкі”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2023.
- Кацярына Сцяжко – Тодар Кляшторны “Пра зайца, ваўка і мядзведзя”. Выдавецтва “Słowianka”, 2023.
Кароткі спіс Прэміі Цёткі 2024
Літаратурная намінацыя

- Альгерд Бахарэвіч “Капітан Лятучая Рыба”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.
- Валер Гапееў “Вольнеры. Бясконцы дзень”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.
- Эльга Папова “Мора ў горадзе”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.
- Аляксандра Хамянок “Клася: (не)звычайная дзяўчынка з дзявятага паверху”. Выдавецтва “Słowianka”, 2024.
- Ганна Янкута “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.
Мастацкая намінацыя

- Маргарыта Аніс – Вераніка Юлляш “Розум, смеласць і добрае сэрца”. Выдавецтва “Лубін”, 2024 (зашыфраваны ўдзел).
- Лілія Давыдоўская – Ганна Янкута “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”. Выдавецтва “Янушкевіч”, 2024.
- Воля Кузьміч – Андрэй Скурко “Стукі-грукі – што за гукі”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2024.
- Анатоль Лазар – Аляксандра Хамянок “Клася: (не)звычайная дзяўчынка з дзявятага паверху”. Выдавецтва “Słowianka”, 2024.
- Марыя Платонава – Ян Бжэхва “Хрушч”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2024.
- Мечыслаў Ян Супрон – Мечыслаў Ян Супрон “Залатое зерне: казкі”. Выдавецтва “Gutenberg Publisher”, 2024.
Прэмія за найлепшую кнігу для дзяцей носіць імя выбітнай беларускай паэткі, асветніцы і грамадскай дзяячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі), аўтаркі “Першай чытанкі для дзетак-беларусаў”. Прэмія ўручаецца з 2016 года. У 2022 годзе лаўрэатамі прэміі Цёткі сталі Антон Францішак Брыль з кнігай “Мышыныя Каляды” у літаратурнай намінацыі і Лілія Бусарава з кнігай “Мой рыжы Бім” Эдзі Агняцвет у мастацкай намінацыі.
Арганізатарамі прэмій з’яўляюцца Дабрачынная ініцыятыва “Viartańnie”, Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН.
Сачыць за навінамі прэміі можна на старонцы ў Facebook, Instagram і на сайтах арганізатараў. Задаць пытанні пра прэмію можна, напісаўшы на litpremiji@gmail.com.


 
                     
                     
                    



