У “Камунікаце” выйшаў квэст пра Лі Харві Освальда

Выдавецкая серыя фундацыі “Kamunikat.org” папоўнілася новай кнігай Аляксандра Лукашука “Гульня ў Освальда”, чый жанр аўтар пазначае як квэст.

Квест (ад лац. quaerere ‘шукаць’) — доўгія пошукі нечага, што цяжка знайсці або дасягнуць, напрыклад, шчасця ці праўды. Час і прастора Лі Харві Освальда ў Мінску ў калекцыі дакументаў КДБ Беларусі і Камісіі Уорэна ЗША, успамінах сяброў і жонкі, варыяцыях літаратуры, геймінгу і лепідаптэралогіі.

Ілюстрацыі паводле матэрыялаў Нацыянальнага архіва ЗША, архіва Камісіі Прэзідэнта па расследaванні забойства прэзідэнта Кенэдзі, Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Радыё Свабода, адкрытых публічных крыніц і аўтарскіх здымкаў.

Пра аўтара: Аляксандр Лукашук (нар. 1955, Брэст) — журналіст, пісьменік і перакладчык. Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1977). Працаваў перакладчыкам, журналістам, рэдактарам. У 1990—1992 гадах галоўны рэдактар выдавецтва «Беларусь». З 1993 г. на Радыё Свабода, у 1998-2023 гг. — дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода. У 2004 — 2005 гг. дырэктар Радыё «Свабодны Афганістан», у 2007 — 2008 — выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара Радыё Свабода/Радыё Свабодная Еўропа. Стыпендыят Гуверскага інстытута (Стэнфардскі ўніверсітэт, Каліфорнія, 2000).

Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча 2018 за стварэнне кніжнай серыі «Бібліятэка Свабоды», а таксама за выданне кніг «Прыгоды АРА ў Беларусі» і «Сьлед матылька: Освальд у Менску».