У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя больш за 100 беларускіх дзеячаў навукі, культуры, мастацтва і літаратуры. У тым ліку 22 літаратары. Штогод у гэтыя дні праводзяцца акцыі памяці пад агульнай сімвалічнай назвай «Ноч расстраляных паэтаў».
Раней акцыя традыцыйна ладзілася ў Курапатах, урочашчы пад Мінскам, дзе ў 30-я савецкія карнікі забівалі бязвінных людзей. Але па зразумелых прычынах ужо чацвёрты год запар мерапрыемствы «Ночы расстраляных паэтаў» пройдуць за мяжой.
28 кастрычніка
ПАРЫЖ

У аўторак, 28 кастрычніка, беларусы Парыжа ладзяць Ноч паэтаў.
Месца: 87 Boulevard Exelmans
Прыходзьце пачытаць вершы, узгадаць ахвяр рэпрэсій і проста пабыць разам.
Уваход вольны.
29 кастрычніка
БЕЛАСТОК

У сераду, 29 кастрычніка, у Беластоку адзначаюць паэтычнай акцыяй Ноч паэтаў.
Месца: Кансулят РБ (skwer Wolnej Białorusi, 1)
Прыходзьце, каб ушанаваць памяць усіх рэпрэсаваных і забітых, узгадаць беларускіх палітвязняў, пачуць вершы беларускіх паэтаў і адчуць, што слова жыве нават у цемры.
Сёння, як і тады, мы памятаем і гаворым пра праўду.
Мы вяртаем іх голас, каб яны зноў гучалі.
Уваход вольны.
ШЧЭЦІН

У сераду, 29 кастрычніка, у Шчэціне ладзяць Ноч паэтаў.
Месца: al. Wojska Polskiego 69
Запрашаюць на вечар памяці ў цёплай і сяброўскай атмасферы: гарбата, печыва, размовы і вершы.
Уваход вольны.
ВІСБАДЭН

У сераду, 29 кастрычніка, у Вісбадэне ладзяць Ноч (не)расстраляных паэтаў.
Месца: Rauenthaler Straße 4
Прыходзьце ўшанаваць памяць літаратараў, расстраляных у Чорную ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.
Каб памяць пра іх жыла. Каб гучалі іхнія словы і вершы. Каб мова жыла!
Уваход вольны.
ТОРУНЬ

У сераду, 29 кастрычніка, у Торуні ладзяць літаратурны вечар і перфоманс на вольным паветры да Ночы (не)расстраляных паэтаў.
Месца: Помнік Каперніку (Rynek Staromiejski)
Будуць чытанні вершаў рэпрэсаваных і забітых творцаў.
Запрашаюць далучыцца да чытання. Неабавязкова твор вучыць на памяць, важлівей прачытаць і перадаць дух кожнага твора. Таксама можна распавесці біяграфічныя звесткі пра аўтара і падзяліцца сваімі пачуццямі.
Уваход вольны.
УРОЦЛАЎ

У сераду, 29 кастрычніка, ва Уроцлаве ладзяць вечар памяці «Ноч (не)расстраляных паэтаў».
Месца: Between Bistro-Bar (Szewska 27)
Будуць чытаць вершы рэпрэсаваных творцаў, успамінаць і слухаць словы, якія перажылі цішыню і гвалт.
Абяцаюць і выступ запрошанага госця, чыё імя пакуль трымаецца ў сакрэце.
Уваход, выглядае, вольны. Запісвайцеся праз дырэкт бара.

У сераду, 29 кастрычніка, беларусы Уроцлава далучаюцца да акцыі «Ноч (не)расстраляных паэтаў», каб ушанаваць памяць ахвяр сталінскіх рэпрэсій – і памяць расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года у сутарэннях мінскай турмы НКУС.
Месца: CUKR (Ul Ruska 46A (lok 201))
Таксама ўзгадаюць тых, хто цяпер за кратамі ў Беларусі і не мае магчымасці выказвацца і ствараць.
Будуць чытаць вершы і ўзгадваць біяграфіі расстраляных паэтаў, а таксама слухаць сучасных аўтараў.
Калі жадаеце пачытаць вершы, звяртайцеся да спадарыні t.me/NikaSimakova.
Уваход вольны, за данаты на пакрыццё арганізацыйных выдаткаў падзякуюць.
ГДАНЬСК

29 кастрычніка ў Гданьску граюць спектакль «Расстраляныя».
Месца: Шэкспіраўскі тэатр (ul. Wojciecha Bogusławskiego 1)
«Расстраляныя» — гэта гісторыя пра творцаў, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсій.
У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі забітыя 132 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку вядомыя літаратурныя дзеячы.
Дзеянне адбываецца ў межах «Чорнай ночы», але п’еса расказвае значна больш: пра жыццё, пражытае ў цені гвалту, пра каханне і веру, радасць і расчараванне, і пра механізм рэпрэсій, водгалас якога адгукаецца і сёння.
Вершы больш чым дзясятка паэтаў розных пакаленняў былі пакладзены на музыку і рэзануюць у сучасных аранжыроўках.
Яны пераплятаюцца з дакументальнымі сведчаннямі і ўспамінамі, ствараючы напружаную гісторыю пра тое, як паэзія можа перажыць нават смерць сваіх аўтараў.
Спектакль ідзе на беларускай і польскай мовах з субтытрамі.
Працягласць — 90 хвілін.
Квіткі коштам 70 злотых можна набыць у касе Шэкспіраўскага тэатра ці па спасылцы.
ВАРШАВА

У сераду, 29 кастрычніка, у Музеі Вольнай Беларусі ладзяць паэтычную сустрэчу «Ноч (не)расстраляных паэтаў».
Месца: Музей Вольнай Беларусі (Foksal 11)
Сёлета ўзгадаюць не толькі імёны беларусаў, закатаваных сталінскім рэжымам у 1937-м. Сустрэчу прысвяцяць беларускім палітвязням, якія сёння пакутуюць за кратамі.
Станьма ж іх голосам на гэты вечар і дапаможам распавесці пра сваі пачуцці, пра свае турботы, пра свой боль.
Вядучыя — паэтка Дзіяна Балыка і актор Ігар Сігоў.
Другая частка сустрэчы — вольны мікрафон, магчымасць для кожнага і кожнай выйсці на сцэну і прачытаць свае вершы пра Беларусь, любоў, каханне, волю.
Уваход вольны.
ВІЛЬНЯ

29 кастрычніка ў 20:00 адбудзецца спектакль «Крывавая ноч». Арганізатары прапануюць узгадаць і ўшанаваць памяць беларускіх дзеячаў навукі і культуры, паэтаў і пісьменнікаў, расстраляных у ноч на 30 кастрычніка 1937 года, усяго каля 132 чалавек.
Месца: Gedimino pr. 28
У тую ноч сталінскі рэжым знішчыў колер беларускай культуры — Міхася Зарэцкага, Алеся Дудара, Цішку Гартнага, Юлія Таўбіна і многіх іншых. Іх галасы не змаўкаюць — яны гучаць у нашых сэрцах.

Дата і час мерапрыемства: 29 кастрычніка 2025 г., 18:30
Месца: сквер каля Музею акупацый і барацьбы за свабоду, вул. Аўку, 2А, Вільня
Праграма 2025 года аб’яднае паэтаў, музыкаў і грамадзян з Беларусі, Літвы ды іншых краін. На вечары пройдуць жывыя паэтычныя чытанні, музычныя выступленні і будзе прадстаўлены адкрыты мікрафон для жадаючых падзяліцца сваімі думкамі і разважаннямі.
«Ноч [не]расстраляных паэтаў» — гэта адначасова і мемарыял, і заклік да дзеяння, які нагадвае нам, што сапраўдны прагрэс караніцца ў памяці. Дзякуючы мастацтву і агульным разважанням гэтае мерапрыемства ператварае гісторыю ў жывую спадчыну і дае новы голас тым, хто калісьці маўчаў.
«Сапраўдны рух у будучыню немагчымы без памяці аб мінулым», — адзначаюць арганізатары. «Паэты, якіх прымусілі маўчаць, працягваюць гаварыць — праз нас і праз кожнага, хто адважваецца казаць сёння».
Мерапрыемства адкрыта для ўсіх жадаючых далучыцца і ўшанаваць непераходзячую сілу ісціны, мастацтва і калектыўнай памяці.
Мерапрыемства арганізована пры падтрымцы Офіса Святланы Ціханоўскай.
30 кастрычніка
САН-ФРАНЦЫСКА

У чацвер, 30 кастрычніка, у Сан-Францыска ладзяць Ноч паэтаў.
Запрашаюць сустрэцца, каб разам ушанаваць памяць тых, хто стаў ахвяраў тэрору. Іх імёны і гісторыі жывуць, пакуль іх памятаюць.
Будуць чытаць вершы і ўзгадваць біяграфіі расстраляных паэтаў, а таксама сучасных аўтараў.
Вас чакае разыгранка з кнiжнымi прызамi.
Ладзяць потлак, таму прыносьце прысмакі да смачнай гарбаты.
Уваход вольны, падзякуюць за данаты ад 10 даляраў на пакрыццё арганізацыйных выдаткаў. Рэгіструйцеся па спасылцы.
ВІЛЬНЯ

У чацвер, 30 кастрычніка, у Вільні ладзяць імпрэзу «Ноч паэтаў».
Месца: Філалагічны факультэт VU (аўд. SP1) (Universiteto g. 5)
3апрашаюць ушанаваць памяць аўтараў двух эпох Адраджэння — украінскага і беларускага, чые галасы былі абарваны савецкай рэпрэсіўнай машынай.
Вечар будзе напоўнены іх жыццёвымі гісторыямі, вершамі і прозай, узлётамі і падзеннямі, каб памятаць творцаў за тое, як яны жылі, а не за тое, як яны памерлі.
Вядучыя — Назар Маг’ер-Шман і Соф’я Вознюк.
Уваход вольны.
31 кастрычніка
СТАКГОЛЬМ

У пятніцу, 31 кастрычніка, Стакгольме адбудзецца Ноч паэтаў.
Месца: кнігарня Interbok (Hantverkargatan 32)
Беларусы Швецыі запрашаюць ушанаваць памяць забітых.
Прыходзьце паслухаць лекцыю гісторыка Андрэя Катлярчука, прафесара кафедры гісторыі ва Упсале «Ноч расстраляных паэтаў у гісторыі, памяці і сучаснай Беларусі», пачытаць вершы забітых паэтаў і паразважаць пра розныя моманты нашай гісторыі.
Уваход вольны.
1 лістапада
РЫГА

1 лістапада, у суботу, у Рызе пройдзе імпрэза, прысвечаная Ночы расстраляных паэтаў і ўсіх ахвяраў дыктатарскіх рэжымаў.
Час: 16:00 — пачатак экскурсіі (на ангельскай мове, спасылка на рэгістрацыю тут.
17:00 — пачатак лекцыі і канцэрту
Месца: Brīvības iela 61, Rīga (Stūra Māja)
У гэтым годзе мерапрыемства пройдзе ў сімвалічным месцы — у «Кутнім доме», жахлівым сімвале савецкіх рэпрэсій.
У праграме:
— экскурсія па былым будынку КДБ (неабходна папярэдняя рэгістрацыя);
— лекцыя даследчыцы камуністычных рэпрэсіяў у Беларусі і былой палітзняволенай Валерыі Чарнаморцавай будзе прысвечана трагічным падзеям 1937 года, вядомым як «Ноч расстраляных паэтаў», і таму, як беларусам удаецца захоўваць традыцыю памяці пра рэпрэсаваных, нягледзячы на сучасны таталітарны рэжым;
— канцэрт легенды беларускага блюзу Юрыя Несцярэнкі разам з Антонам Сіроціным з праграмай аўтарскіх песень, прысвечанай памяці расстраляных паэтаў.
Уваход вольны. Данаты выканаўцам вітаюцца.
Ва ўсіх абвестках указаны мясцовы час.
Крыніца: “Будзьма беларусамі!”






