Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі выпусціла з друку другое выданне кнігі Алега Бембеля “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. Новае выданне, якое выходзіць пад рэдакцыяй Наталлі Гардзіенкі, уключае адмысловыя каментары і водгукі тых, хто чытаў гэтую кнігу ў 1980-х.
На мяжы 1970—1980-х гадоў супрацоўнік Інстытута філасофіі і права Акадэміі навук БССР Алег Бембель для сваёй дысертацыі зрабіў апытанне сучаснікаў, што яны думаюць пра беларускую мову, яе стан і перспектывы. Адказы сабраў у кнігу, дадаў ўласныя разважанні, паслямову Уладзіміра Караткевіча, але выдаць у Беларусі не было шанцаў. У 1985 годзе, дзякуючы намаганням Аляксея Каўкі, які памёр у сакавіку 2024 года і Юрыя Туронка, рукапіс трапіў на Захад і быў выдадзены Згуртаваннем беларусаў у Вялікай Брытаніі.
Публікацыя мела для аўтара фатальныя наступствы – ён быў звольнены з Акадэміі навук, аддзел, у якім ён працаваў, расфармаваны. А кніга, некаторыя асобнікі якой усё ж трапілі ў Беларусь і “хадзілі па руках”, здаецца, так і не была прачытаная і асэнсаваная сучаснікамі, паведамляе Kamunikat.com.