Памёр літаратуразнаўца, гісторык, дыпламат і доктар філалагічных навук Аляксей Каўка. Яму было 86 гадоў. Пра смерць грамадскага дзеяча паведамілі ў сацсетках ягоныя сябры.
Аляксей Каўка нарадзіўся 20 верасня 1937 года ў Равецкім Бары, што ў Чэрвеньскім раёне.
Скончыў БДУ, Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС( У 1971—1979 і 1983—1987 гадах у Інстытуце эканомікі сусветнай сацыялістычнай сістэмы АН СССР, у 1979—1982 гадах прадстаўнік Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязей з заграніцай, дарадца пасольства СССР у Польшчы.
У 1976 годзе Аляксей Каўка напісаў “Письмо к русскому другу”, у якім культурніцкая палітыка камуністычных уладаў у Беларусі называлася асіміляцыйнай.
У 1980-я Аляксей Каўка працаваў дарадцам у савецкай амбасадзе ў Варшаве, такім чынам меў магчымасць перапраўляць на Захад творы, што не маглі быць апублікаваныя ў БССР, у тым ліку рукапіс вядомай кнігі Алега Бембеля “Родная мова і маральна-эстэтычны прагрэс”, што пабачыла свет у Лондане.
У студзені 1991 на другі дзень віленскай інтэрвенцыі Савецкай арміі даслаў на імя Гарбачова тэлеграму аб сваім выхадзе з “партыі-жандара і ворага нацыянальнага самавызначэння народаў“.
Як гісторык першапачаткова Аляксей Каўка даследаваў гісторыю Польшчы, польскага рабочага руху, савецка-польскіх адносін. Але з канца 1970-х зацікавіўся праблемамі адраджэння і станаўлення нацыянальнай самасвядомасці, творчасці Францішка Скарыны, Янкі Купалы, Кастуся Езавітава, Івана Луцкевіча, Вацлава Ластоўскага, Мікалая Улашчыка і інш.
Ён жыў у Маскве і выдаваў гісторыка-літаратурны альманах “Скарыніч”.
Аўтар манаграфіі “Тут мой народ: Францішак Скарына і беларуская літаратура XVI — пач. XX стст” (1989), кнігі развагаў над праблемамі нацыянальнае свядомасці, духоўна-культурнае тоеснасці беларусаў “Жывом!” (1997) і збор артыкулаў і публікацый розных часоў “Будам жыць! Пра тое самае” (1998).