Ніякай магіі, апрача магіі моцы

Падлеткавыя мары, каханне падчас пратэстаў і пераадоленне траўмы. У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла аповесць “Соня, стой!” Сашы Гук, продажы якой пачнуцца на беларускім стэндзе Варшаўскага кніжнага кірмаша. Літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч прачытаў кнігу ў рукапісе і дзеліцца сваімі думкамі спецыяльна для “Будзьмы”.

Пад літаратурай жанру young adult у Беларусі маркіруецца самая розная кніжная прадукцыя. Можна сказаць, што гэты жанр дастаткова шмат у сабе змяшчае, бо цвёрдай формай яго не назавеш. З увагі на мэтавую аўдыторыю, падлеткавая кніга — гэта тое, што чытаюць падлеткі. Па-другое, гэта кніга, у якой фігуруюць падлеткі як героі.

Асноўная штука тут палягае ў прыдумванні гісторыі і мовы. Ланцужок здарэнняў — тое, што зачэпіць аўдыторыю сваёй зразумеласцю і набліжанасцю да рэальнасці. Мова, адпаведна, тыя словы, якімі падлеткі гавораць паміж сабою. Як ні падаецца задача простай на самы першы погляд, вытрымліваюць гэтыя два складнікі далёка не ўсе.

Рэальнасць

У Беларусі наогул не прынята пісаць пра рэальнасць. Не ведаю нават, з чым гэта звязана, але ў большасці выпадкаў, калі ты разгорнеш кнігу прозы, сутыкнешся альбо з рэтраспекцыяй у далёкае ці не вельмі мінулае, з якой асацыюецца «гістарычная літаратура для падлеткаў», альбо з сыходам у другі свет: магічны, фантастычны, фэнтэзійны, міфалагічны, альтэрнатыўны, як яго ні назаві. Як вынік, аўтары кніг найчасцей прапаноўваюць чытачам свайго кшталту эскапізм у дачыненні да рэальнасці. Бо, па-першае, рэальныя падлеткі зазвычай будуць рускамоўнымі, а гэта створыць кантрадыкцыю ў пытанні мовы. З іншага боку, гісторыі і біяграфіі падлеткаў, іх эмоцыі і праблемы не могуць быць апісаныя пісьменнікам дастаткова дакладна, бо самі аўтары, з прычыны ўзроставай аддаленасці, з цяжкасцю могуць да канца іх зразумець і нармальна апісаць, не тое, што паглыбіцца.

Кніга Сашы Гук «Соня, стой!» вабіць акурат тым, што тут, падаецца, усё ў парадку і з першым, і з другім патрабаваннямі.

Мова

Мову гэтай невялікай аповесці можна апісаць як унутраны маналог з дадаткам дыялогаў. Гераіня тут па сутнасці адна, і тэкст можна было б назваць і аўтабіяграфіяй, і пэўнага парадку споведдзю, калі адсылаць да старых літаратурных жанраў. Стыль пісьма часам амаль «нулявы», фактаграфічны, «дзеяслоўны», што дапамагае ствараць дынаміку, бо нават унутры адной асобнай свядомасці можа, калі хто не ведаў, адбывацца вельмі шмат усяго за вельмі кароткі час. Разам з тым аповед кнігі не строга лінейны: гераіня занураецца ў сваім маналогу і ў глыбокае дзяцінства, і ў ключавыя пункты сталення і прыходу ў даросласць. Адным з гэтых пунктаў становіцца траўма і хвароба, якія цалкам змяняюць асобу і ў той жа час робяць увагу чытача больш пільнай і спачувальнай.

Дзеянне

Дзеянне аповесці адбываецца ў абсалютна актуальны час — 2010-я ў Мінску аж да часоў пандэміі і заканчваецца пратэстамі 2020-га. Строгая храналогія акурат разбіваецца скачкамі ў нядаўняе мінулае, што для падлетка-гераіні з’яўляецца самым што ні на ёсць натуральным дзяцінствам, але сюжэт рухаецца досыць страката менавіта за кошт сучасных метадаў. Камунікацыя праз мэсэнджары, апісанні лайкаў, гіфак, эмоджы і самога чакання паведамлення часам ствараюць сюжэт досыць вялікай часткі тэксту. Перамяшаныя з «традыцыйным» аповедам, яны даюць эфект пастаяннай прысутнасці каля той самай Соні, якую, між іншым, рэдка хто называе па імені.

Зрэшты, для мяне найбольш важнымі як для чытача былі моманты «правалаў», як іх называе сама апавядальніца — у гэтых апісаннях шмат прыгажосці і крыштальнай чысціні нястрымнага псіхічнага свету. Акрамя таго, яны пазначаюць, што самая халоднасць аповеду і фактаграфічная дынаміка з’яўляюцца хутчэй прыёмамі, што аўтарка можа пісаць па-рознаму, пераключаючы рэгістры, а гэта, мабыць, і адрознівае прафесійнага аўтара ад закаранелага аматара пагаварыць.

Фабула

Крызіс у сувязі з траўмай, пераадоленне траўмы і псіхалагічны крызіс падчас пратэстаў (у тым ліку звязаны з гісторыяй кахання) — тыя фабульныя купіны, на якіх стаіць кніга. Можа быць, яна падасца камусьці вельмі ашчаднай на словы, асабліва тым, хто любіць папрыгажэй і паквяцісцей.

Магія моцы і слабасці асобы

Няма тут і прымітыўнай інфантыльнасці, шматлікіх раяляў у кустоўі, якімі часта грашыць падлеткавая літаратура. Няма ніякай магіі, апрача магіі моцы і слабасці асобы, якія чаргуюцца адна з адной. Няма вялікай радаснасці і замілаванасці светам, акрамя тых момантаў, калі з’яўляецца ўспышка творчасці, нечаканага дзеяння і, канечне, кахання.

Эмоцыі і давер

У тэксце шмат болю — безумоўна, ён і мусіць быць, калі апавядальніца змагаецца з хваробай альбо з той хваляй навакольнага гвалту, які ахапіў яе ў жніўні 2020 года. Разам з тым ёсць і сумнаватая іронія, і гумар, і лёгкі сцёб, і смех праз слёзы, што, канечне, дадае даверу, калі чытаеш кніжку ад пачатку да канца.

Мне цяжка сказаць, наколькі моцна злоўленае пачуццё і мова падлеткаў у гэтым тэксце — я паняцця не маю, ці падлетак яго напісаў, бо тэкст падае на паліцу нашай найноўшай ананімнай літаратуры «тамвыдату». Але наіўнасці тут амаль няма. Ёсць гісторыя. Ёсць мова. Ёсць гераіня-падлетак, у якой усё было няпроста.

Але сёе-тое атрымалася.

Кніга з’явіцца ў продажы ў суботу, 25 мая, на Кніжным кірмашы ў Варшаве (Палац культуры і мастацтваў). Старт продажаў — а 12-й.
З праграмай беларускага стэнду можна пазнаёміцца тут.