Віцьбіч Юрка (сапр. Шчарбакоў Серафім Аляксандравіч, на эмігр. Стукаліч Юры, 15.6.1905, г. Веліж, цяпер Смаленская вобл. Расіі — 4.1.1975, Саўт-Рывер, Нью-Джэрсі, ЗША). Празаік, эсэіст.
Нарадзіўся у сям’і святара. Вучыўся ў Веліжскім педагагічным тэхнікуме, аднак працаваць настаўнікам не дазволіла паходжанне. У 1934 г. пасля арышту бацькі выехаў у Маскву. Працаваў на будоўлях, потым на хімічнай вытворчасці. У выніку аварыі атруціўся фасгенам і атрымаў інваліднасць. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”, у 1939 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў СССР. У часе нямецкай акупацыі жыў у Віцебску, потым у Менску. Быў сябрам Беларускага культурнага згуртавання, рэдактарам адноўленага часопіса “Узвышша”, адзіны нумар якога быў падрыхтаваны ў 1944 г. Ад лета 1944 г. — разам з жонкай і маці на эміграцыі. У 1946 г. у Германіі стварыў і ўзначаліў літаратурнае аб’яднанне “Шыпшына”, выдаваў аднайменны часопіс, а таксама часопісы “Зьвіняць званы Сьвятой Сафіі”, “БІС”, газету “Беларускае слова”. У 1949 г. выехаў у ЗША. Пасяліўся ў Саўт-Рыверы (Нью-Джэрсі). Супрацоўнічаў з радыё “Свабода”. Быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк).
Пахаваны на могілках царквы св. Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рывэры (Нью-Джэрсі, ЗША).
Як пісьменьнік дэбютаваў у 1929 г. у часопісе “Узвышша”. Аўтар кніг прозы “Сьмерць Ірмы Лаймінг” (Менск, 1932), “Формула супраціўленьня касьцей” (Менск, 1937), “Вяліскія паўстанцы. Гэньдзікаўскія змагары” (Бэрлін, 1944), “Нацыянальныя сьвятыні” (Бэрлін, 1944). На эміграцыі друкаваўся ў беларускім і рускім перыядычным друку, у тым ліку ў газеце “Новое русское слово” (Нью-Ёрк). Выдаў кнігу гістарычных нарысаў “Плыве з-пад Сьвятое гары Нёман” (Мюнхен, 1956) і зборнік артыкулаў на рускай мове “Мы дойдем” (Нью-Ёрк, 1975). Ужо пасля смерці была апублікавана няскончаная праца “Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба ў Беларусі” (Нью-Ёрк, 1996; Вільня, 2006; Смаленск, 2007). У 2011 г. у Мінску быў выдадзены зборнік даваеннай прозы “Лшоно Габоо Бійрушалайм”.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 525).