У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец чытае ўспаміны беларускай і літоўскай германісткі, публіцысткі, літаратаркі і перакладніцы Галіны Войцік (1927—2007) “Там, дзе мяне няма”. Галіна Войцік была актывісткай беларускай супольнасці ў Вільні, даследчыцай і аўтаркай партрэтаў беларусаў Віленшчыны.
Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index і іншых пляцоўках.
Мы былі добра знаёмыя і сустракаліся, наведвалі яе, асабліва пасьля сьмерці мужа, Лявона Луцкевіча, якога мы называлі дзядзькам Лявонам, а ён сябе — старым віленчуком. Пры жывым Лявоне адносіны складваліся крыху па-іншаму, яна старалася не трапляць або пазьбягаць нашага кола, занадта маладыя мы былі, а Лявон гаварыў з намі з такім запалам, што, відаць, гэта супярэчыла вобразу спадарыні Галіны як акадэмічнай вучонай германісткі.
Гэты акадэмічны, выкладчыцкі стыль быў для яе тоесны яе незалежнасьці, быў яе абаронай ад нечаканасьцяў сьвету, быў яе сваім утульным месцам.
“Хто я такая? — піша яна ў Эпілёгу да кнігі. — Я ніколі не любіла, каб мяне прадстаўлялі: «дачка Зоські Верас», «жонка Лявона Луцкевіча», — гэта-ж не мая заслуга. Я заўсёды хацела быць сабой, дасягаць сама не становішча — гэта мяне не цікавіла — але пашаны й павагі за сваю працу, спачатку, як доктар навукі ў галіне германістыкі, а апошнія гады на ніве беларускай культуры… Што мне ўдалося зрабіць, хай судзяць іншыя”.
Спадарыня Галіна піша, што тры разы рабіла карэкту кнігі Лявона Луцкевіча “Вандроўкі па Вільні”, а тут напісала эпілёг пад назвай “Там, дзе я ёсьць” да кнігі “Там, дзе мяне няма”, назву якой, як яна кажа, прыдумаў рэдактар Алег Мінкін. І тут мы бачым быццам дыялёг між рэдактарам і аўтаркай, прычым даволі напружаны дыялёг.
***
“Жылося нам тады нядрэнна, бо дома была служанка й нянька, якая займалася мной. Нянька была дзяўчына зь недалёкай вёскі Гуры, звалі яе Франя, ёй рабілі нейкую апэрацыю і ў горле ў яе была мэталёвая трубка, таму гаварыла яна са сьвістам”. 20-я гады. Яшчэ поўны горад беларускай прысутнасьці. Мноства газэт, даўжэзны пералік беларускіх арганізацыяў. Успаміны спадарыні Галіны шматплянавыя — сам горад і беларуская актыўнасьць у ім, сям’я і тонкасьці псыхалёгіі выхаваньня:
“Бабуля Міля ніколі ня гневалася, на ўсё рэагавала спакойна: на разьбіты кубак, на падзёртую сукенку. Яна толькі ўмела так неяк паглядзець, што мы пачуваліся вінаватымі, — гэта было горш за ўсякае пакараньне”.
Крупінкі інакшага колішняга віленскага жыцьця расспыпаныя па кнізе. Яны становяцца фрашкамі ці адметнымі рыскамі ў вобраз Вільні ці — неадказанымі пытаньнямі… Напрыклад, пра “кацячыя ілбы”, што, як вы думаеце, у колішняй Вільні магло называцца так? “Кацячымі ілбамі”?
***
“Вуліцы былі брукаваныя „кацячымі ілбамі“ — камянямі”. Напэўна тое былі дзікія камяні, неабчасаныя. Падобныя да “кацячых ілбоў”, велічынёй з кулак. Прынамсі нейкага вобразнага тлумачэньня я не знайшоў.
“Наша сям’я была каталіцкай, але ніхто, нават бабуля Міля, ня быў практыкуючым католікам, не хадзіў рэгулярна ў касьцёл, на споведзь. Ясна, што калі я вучылася ў школе, дык хадзіла на лекцыі рэлігіі, што было абавязкам, і да касьцёлу. Затое ў сям’і прытрымоўваліся традыцыі: сьвяткавалі Каляды, Вялікдзень”. Усё, здаецца, як сёньня ў Беларусі, толькі што шматканфэсійнасьць, магчыма, замінае нацыянальнаму адзінству, якое мы назіраем у каталіцкіх Літве ці ў Польшчы. Але, зь іншага боку, падобная, як у беларусаў, сытуацыя і ва Ўкраіне.
“У 30-я гады (акурат спадарыня Галіна пайшла ў школу) пачалася фашызацыя Польшчы. Беларускія арганізацыі закрывалі адну за адной, газэты былі пад строгай цэнзурай, — трымаліся „хадэцкія“ газэты й часопісы. У беларусаў часта здараліся ператрусы, шукалі антыпольскай („вывротовэй“) літаратуры. Насупроць нашага дому жыў паліцыянт Мацееўскі. Дык ён часта папярэджваў бацькоў, што мае быць ператрус. І калі прыходзіла паліцыя, у нас нічога не знаходзілі. Праўда, аднаго разу ўзялі брашурку пра гадоўлю парсюкоў, бо была выдадзеная ў Менску”.
***
Ой ласун, ласун… Гэты сюжэт — віленская фрашка, хай сабе і аўтарская, якая стала ўстойлівым выразам, безумоўна, іранічным. У Галіны Войцік яна выглядае так:
“Даваенная Вільня была шматнацыянальная, але больш за сорак адсоткаў жыхароў былі жыды, беларусаў і літоўцаў было недзе па два адсоткі. Жыдоўская бедната, а іх была большасьць сярод жыдоўскага жыхарства, дробныя рамесьнікі, гандляры жылі пераважна ў дамах паміж вуліцамі Нямецкай (Вокечу) і Завальнай (Піліма). Зайсьці туды было проста страшна: бруд, смурод, каналізацыі ў дамох не было, усё вылівалі й выкідвалі на вуліцу… Пад Галяй (гарадзкі рынак). Гандляркі таксама практычна ўсе былі жыдоўкі. Я яшчэ памятаю, хадзілі мы там неяк з мамай, нечага шукалі. Прадае гандлярка-жыдоўка селядцы з бочкі. Ведаеце, такія вялікія бочкі, селядцы там плаваюць у лёку. Ну а селянін, які там побач нешта прадаваў, узяўся закусваць, бярэ хлеб, цыбулю, і так у бочку гэтую макае. Дык яна яму: «Ой, ласун, ласун!»”.
Гэтая фрашка часта згадвалася ў рэдакцыі “Нашай Нівы” ў 1990-я гады. Між тым спадарыня Галіна кажа, што на ўсіх віленскіх рынках да вайны гаварылі толькі па-беларуску. “І гэтыя самыя гандляркі жыдоўскія, яны ж таксама гаварылі па-беларуску, бо мусілі зь сялянамі гаварыць”.
***
Ці вось яшчэ фрашка — пра даваенны помнік Адаму Міцкевічу, які быў зроблены з дрэва, і гарадзкая рака Вяльля (яна ж Нярыс) рэгулярна ў паводкі зносіла яго і далей яго лавілі ажно ў Закрэце (гэта гарадзкі парк, які цяпер называецца Вінгіс). Выходзіў такі неспакойны помнік-уцякач. Цяпер яго замяніў ужо “правільны” пастамэнт, каменны, умацаваны каля касьцёла сьвятой Ганны. Дарэчы, а той уцякач, успамінае Галіна Войцік, стаяў каля “Зосі”, так віленчукі называлі скульптуру багіні Электры на даху першай гарадзкой электрастанцыі. Чаму яна Зося, я зьвестак не знайшоў. Першую такую скульптуру зрабіў польскі скульптар Баляслаў Балзукевіч у 1906 годзе, тады Вільня лічылася польскім горадам, магчыма, таму і пра Зосю цяпер стараюцца не ўспамінаць. Але бальшавікі гэтую Зосю зьнішчылі, маўляў, усе лямпачкі павінны быць Ільліча, таму сёньняшняя Электра — гэта ўжо новы помнік літоўскага скульптара, узноўлены Пятрасам Мазурасам.
Згадваецца і фрашка пра атлянтаў-балванаў, якія ня п’юць, бо рукі заўсёды занятыя… Гэта віленскія байкі, якія на слыху…
***
“На канцэртах Забэйду заўсёды акампаніяваў Галкоўскі“. Быццам няяркая, маленькая, але ўпартая дэталь паўтараецца ў кнізе некалькі разоў і застаецца ў памяці канцэртамі славутага опэрнага сьпевака Міхала Забэйды-Суміцкага ваеннага часу, які прыяжджаў з Прагі і моцна зьвязанага зь ім Канстанціна Галкоўскага, славутага кампазытара і дырыжора, між іншым, народнага артыста Літоўскай ССР. Памятная шыльда пра яго цяпер ёсьць на доме, у якім ён жыў — на Завальнай будынак справа ад Эвангелісцкай Рэфарматарскай царквы (альбо Кальвінскага збору).
Малая Галіна Войцік падарожнічае ад гімназіі ў Варшаву.
Падарожжа і апісаньне раскошаў Варшавы спыняюць на думцы, што гэта ўсё было да вайны, якая Варшаву бадай што разбурыць цалкам… Вядома, колішняя дзіцячая памяць запомніла заасад… “А яшчэ застаўся ў памяці заалягічны сад, адзін з самых сучасных у Эўропе. У Вільні заалягічнага саду не было. Праўда, на рагу Малай Пагулянкі і Завальнай (К. Калінаўско — Пілімо) быў дом, у каторым меліся кабінэты хіміі, фізыкі й біялёгіі. Сюды прыходзілі на практычныя заняткі з розных віленскіх школаў. Побач з гэтым домам месьціўся невялікі батанічны агарод і нешта накшталт заапарку: лісіца, воўк, выдра, вавёрка, крук, папуга ды некалькі іншых зьвяроў і птушак. У Варшаве-ж я ўпершыню пабачыла сланоў, ільвоў, тыграў, жырафаў, пінгвінаў, поні, мядзьведзяў, бурых і белых, — і яшчэ плойму розных экзатычных жывёлаў. Зьвяры мелі нямалы абшар, на якім яны маглі свабодна рухацца. Толькі драпежныя зьвяры трымаліся ў клетках. Для іншых наўкол тэрыторыі быў пракапаны роў з вадою, і з абодвух бакоў — вялікія зялезныя “калючкі”. Тады якраз нарадзіўся малы слонік, дванаццаты, які радзіўся ў Эўропе ў няволі, і яго празвалі “Тузінка”, а ягоная маці мела мянушку “Кася”. Было цікава назіраць, як малы слонік спрабуе ўзяць сваім хабатком травы ці вады, покуль што гэта ў яго не атрымоўвалася”.
Паваенная, адбудаваная Варшава не рабіла на аўтарку такога моцнага ўражаньня, як тады.
***
“Наогул, я чалавек неграмадзкі, не люблю зборышчаў ці, як цяпер гавораць, “тусовак”, асабліва застольляў з выпіўкаю… Склалася такая парадаксальная сытуацыя ў Вільні, што ёсьць de jure розныя беларускія арганізацыі ды інстытуцыі: “Сябрына”, Таварыства беларускай культуры, Таварыства беларускай школы, Таварыства беларускай мовы, Згуртаваньне беларускіх суполак Літвы, Беларуская школа імя Ф.Скарыны, катэдра беларусістыкі пры Віленскім пэдунівэрсытэце, Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча, беларускія рэдакцыі пры літоўскім радыё й тэлебачаньні, газэта “Рунь” ды іншыя, — і ўсе, хто для справы, хто для славы, нешта робяць, аднак няма еднасьці, ёсьць разьяднанасьць, нават варожасьць. Вядома, часткова вінаватае ў гэтым разьяднанасьць грамадзтва ў самой Беларусі. Аднак, тут, у Вільні, беларусы маглі-б зразумець, што рэжымы падаюць, імпэрыі разьбіваюцца, дыктатары адыходзяць, але, калі ня будзе нацыянальна сьвядомага народу, ягонай мовы, культуры, дык ня будзе й Краіны Беларусь… Ня хочацца пісаць пра ўсё гэта, крыўдна і балюча”.
Між тым, у 80-я гады ў Вільні было ціха, бо не было яшчэ фармальна арганізаванага жыцьця. У 90-я такое жыцьцё зьявілася. І можа быць, гэта былі ў Вільні найлешыя для беларусаў часы. Праўда, адчувалася, што даўнейшыя мясцовыя беларусы прынялі літоўскае грамадзянства. І ў тым ліку праз такое адчужэньне між беларусамі зьявілася тая разьяднанасьць. Але тут важна зразумець, што яна зьявілася не праз грамадзянства, а дзякуючы чалавечым прыярытэтам. Скажам, калі галоўным для чалавека робяцца грошы, фінансавыя датацыі. У80-90-я ў нас не было грошай. Грошы нічога істотнага не вырашалі ў нашых беларускіх справах. Саму беларускую справу нельга было купіць або прадаць.
Спадарыня Галіна пісала пра свае боль і крыўду яшчэ да апошняй хвалі беларускай эміграцыі ў 2020 годзе. Сёньня як дадзенасьць успрымаюцца ўжо расейскамоўныя беларускія актывісты, чаго ў 90-я проста не магло быць. Як і раней, спрадвеку.
І яшчэ адно важнае пытаньне. У 1923 годзе Зоська Верас апынулася ў Вільні і застанецца тут на ўсё сваё доўгае жыцьцё, у горадзе, які паводле Галіны Войцік, “ня стаў ёй родным і блізкім”. Спадарыня Галіна піша пра магчымасьць працаваць тут на ніве беларускай культуры, “у 20–30 гады ХХ стагодзьдзя Вільня была цэнтрам беларускага грамадзкага й культурнага руху”. На яе думку Зоська Верас так і ня стала віленчанкай, а засталася гарадзенскай і сакольскай дзяячкай паводле свайго духу і прывязанасьці.






