Успаміны слыннай вільнянкі Галіны Войцік выходзяць адной кнігай

Выдавецтва “Скарына” запачаткавала “Віленскую серыю”, у якой плануе выдаваць творы віленскіх беларускіх аўтараў як мінулага, так і цяперашняга часу. Першая кніга серыі“Там, дзе мяне няма” — успаміны слыннай вільнянкі, германісткі, перакладчыцы і грамадскай дзяячкі Галіны Войцік.

Усё жыццё Галіна Войцік (1927–2007) як даследніца рыхтавала кнігі і праграмы пра іншых беларусаў Вільні і не мела часу напісаць сваю ўласную кнігу. Але яна пакінула ўспаміны, якія друкаваліся ў газэтах “Рунь” і “Наша Ніва”, піша Уладзіўслаў Гарбацкі на сайце “Новы час”. Аўтарка жадала пабачыць свае ўспаміны пад адной вокладкай. Яе мара здзейснілася толькі цяпер.

Рукапіс да друку падрыхтаваў пісьменнік Алег Мінкін. У выдавецтве кнігу дапрацавалі і дапоўнілі пасажамі з успамінаў Галіны Войцік, запісаных на радыё Сяргеем Дубаўцом. Таксама да тэксту спрычыніўся сын Галіны Войцік Яраслаў. Ён дапамог і са здымкамі пісьменьніцы. Апрача гэтага ў кнігу ўвайшлі публікацыі спадарыні Галіны з розных зборнікаў, прысвечаных Вільні. Уступнае слова напісалі Алег Мінкін і Людвіка Кардзіс.

“Хто я такая? Я ніколі не любіла, калі мяне прадстаўлялі: „дочка Зоські Верас”, „жонка Лявона Луцкевіча”, — гэта-ж не мая заслуга. Я заўсёды хацела быць сабой, дасягаць сама не становішча — гэта мяне не цікавіла — але пашаны й павагі за сваю працу, спачатку, як доктар навукі ў галіне германістыкі, а апошнія гады на ніве беларускай культуры. Што мне ўдалося зрабіць, хай судзяць іншыя”, — гучыць голас аўтаркі на старонках новай кнігі “Там, дзе мяне няма”.

Фрагмент успамінаў можна пачытаць на сайце выдавецтва.

Друкаваная кніга з’явіцца ў продажы напрыканцы траўня, а электронную можна набыць ужо цяпер. Прэзентацыі плануюцца ў Вільні і ў іншых месцах улетку.

Таксама ў “Віленскай серыі” рыхтуюцца творы Францішка Умястоўскага, Макара Краўцова, Уладзіслава Паўлюкоўскага, Янкі Багдановіча, Алены Цэпрынскай ды іншых аўтараў, чый лёс звязаны з Вільняй.

Галіна Войцік (1927-2007) — беларуская і літоўская германістка, публіцыстка, літаратарка і перакладчыца. Актывістка беларускай супольнасці ў Вільні. Аўтарка гістарычных даследаванняў і партрэтаў беларусаў Віленшчыны. З 1997 году была галоўнай рэдактаркай беларускай культурна-асветніцкай праграмы на Літоўскім нацыянальным радыё

На загалоўным фота: Галіна Войцік у 1952–1955 гг (з архіву сына аўтаркі Яраслава Войціка) і вокладка новага выдання