Наста Рагатко падзялілася ў сацсетках навіной пра выхад ейнай кнігі “Насі з сабой” у выдавецтве “Логвінаў” на беларускай мове. Пераклаў твор Іван Стасіевіч.

“Кніжкі ўжо ў Вільні, іх можна замаўляць анлайн. Афлайн яны будуць на фестывалі “Прадмова”. У гэтым выданні ёсць мая прадмова, напісаная праз год пасля асноўнага тэксту кнігі. Яна такая — каб ніхто іншы, акрамя беларусаў, не падслухаў, пра што мы там з вамі гаварым”, — піша аўтарка і дзеліцца спасылкай на сайт выдавецтва.
У анатацыі Наста Рагатко тлумачыць, чаму і як пісалася гэтая кніга: “Я доўга чакала, што хто-небудзь напіша кнігу пра мяне і такіх, як я, — і каб ад яе хацелася жыць, а не памерці. Але я такой не сустрэла. І напісала яе сама. За гады працы ў медыя і палітыцы я стварыла і адрэдагавала тысячы тэкстаў, але хоць гэты — мастацкі, ён больш сумленны за многія іншыя. Здаецца, гэта называюць аўтафікшн. Якая іронія: ва ўмовах цэнзуры выдумка можа стаць адзіным спосабам распавядаць праўду”.
Пра аўтарку
Наста Рагатка вырасла ў Беларусі, хаця нарадзілася ў Расеі і правяла дзяцінства ва Украіне. У жніўні 2020-га разам з рэдакцыяй KYKY.org пакінула Менск пасля затрымання сузаснавальніка. Увосень 2020-га Наста ў Вільні далучылася да каманды лідаркі дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай у якасці кіраўніцы камунікацый. Пасля сыходу з Офіса ў 2023 годзе была сузаснавальніцай агенцтва стратэгічных камунікацый StratcomLab. Цяпер жыве ў Варшаве.
Расейскамоўны арыгінал кнігі “Насі з сабой” выйшаў восенню 2025 году.






