Былая рэдактарка сайта KYKY.org Наста Рагатка напісала, звярстала, аформіла і выдала аўтафікшн з назвай “Носи с собой”. Больш разгорнута аўтарка расказвае пра што кніга, у лісце да чытача на сайце nosissoboj.com.
На сайце таксама можна прачытаць урыўкі тэксту, водгукі, замовіць кнігу анлайн і даведацца пра планы на пераклады на замежныя мовы.
Пра кнігу
“Носи с собой” — гэта зборнік з 12 з паловай апавядняў у жанры аўтафікшн пра тое, як жыць, калі інструкцыі скончыліся. У кнізе сабраны раздзелы пра эміграцыю, адносіны з былымі і цяперашнімі блізкімі, палітычныя і журналісцкія кулуары, сяброўскія і сэксуальныя стасункі, вайну і пошук уласнай ідэнтычнасці ў сітуацыі, калі краіна, дзе ты нарадзілася (Расея), бамбіць краіну твайго дзяцінства (Украіну) з тэрыторыі краіны, у якой ты вырасла (Беларусь). Пры гэтым кніга смешная і лёгка чытаецца.

“Носи с собой” — самвыдат, усё ад тэксту да дызайну вокладкі і сайта зроблена рукамі Насты Рагаткі. Фота на вокладцы аўтарства Ліны Цапавай. “Калі вы ўжо гледзіцё на гэтую вокладку, прашытую маёй скурай, чаму б вам не ўпусціць мяне пад сваю?” — напісана на звароце. Канцэпцыя вокладкі ў тым, што кніжка збірае ў сабе гісторыі пра людзей, падзеі і эмоцыі, якія пакідаюць у нашым жыцці след, нібы тыя татуяванні на целе.
Акрамя анлайн-замовы на сайце nosissoboj.com, кніга ўжо даступная афлайн у кнігарні “Букіністка” ў Варшаве, хутка яна пачне з’яўляцца і ў іншых крамах Еўропы і ЗША.
Пра аўтарку
Наста Рагатка вырасла ў Беларусі, хаця нарадзілася ў Расеі і правяла дзяцінства ва Украіне. У жніўні 2020-га разам з рэдакцыяй KYKY.org пакінула Менск пасля затрымання сузаснавальніка. Увосень 2020-га Наста ў Вільні далучылася да каманды лідаркі дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай у якасці кіраўніцы камунікацый. Пасля сыходу з Офіса ў 2023 годзе была сузаснавальніцай агенцтва стратэгічных камунікацый StratcomLab. Цяпер жыве ў Варшаве.






