Выдавецтва “Пфляўмбаўм” анансавала выхад новага рамана Югасі Каляды “Вандроўка ліфтам”, у якім дзеянне адбываецца адначасова ў Менску дзевяностых, нулявых, у дваццатым годзе — і ў тым дзіўным месцы, дзе ўжо няма ніякага часу.
“А што, калі месцы, якія мы пакінулі, не знікаюць, а завісаюць дзесьці ў малочным тумане мінулага? Што, калі ўсё яшчэ можна ўвайсці ў свой дзіцячы пакой у бацькоўскай кватэры? Высунуць шуфлядку з універсітэцкімі канспектамі? Паглядзець гісторыю званкоў у мабільніку дваццацігадовай даўніны? Пасядзець на верандзе дома, які згінуў у пажары? А раптам можна нават даслаць ліст з таго свету на гэты — і атрымаць адказ?” — інтрыгуе анатацыя.
Югася Каляда зноў працуе з падменай жанраў. “Вандроўка ліфтам” пачынаецца як спекулятыўная фантастыка пра будову таго свету — з ліфтамі, таймлайнамі жыцця, белым туманам і бюракратыяй, — але паступова ператвараецца ў псіхалагічны раман пра віну, згубленае каханне, страчанае сяброўства, ідыёцкія памылкі маладосці, балючыя стасункі бацькоў і дзяцей. І раптам выводзіць туды, дзе асабістае жыццё аднаго чалавека злучаецца з пераломнымі падзеямі ў лёсе ўсёй Беларусі.
Папярэдні заказ дзейнічае да 8 кастрычніка, замовіць кнігу можна пра сайт кнігарні “Кнігаўка”. Продаж пачнецца 15 кастрычніка.





