Сяргей Дубавец учытваецца ў тэксты шостага “Апострафа” — падкаст “Літаратурныя зацемкі”

У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец разважае з нагоды стракатых тэкстаў шостага нумару літаратурна-мастацкага альманаха “Апостраф”. Тут і Федарэнка з Глобусам, якія пішуць пра беларускіх мастакоў, і Алесь Пашкевіч з аповедам-рэстаўрацыяй лёсу Лукаша Калюгі, і Ігар Бабкоў з эсэ пра Еўропу і многае іншае.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

У літаратурна-мастацкім альманаху няма звычайна пэўнага парадку чытаньня, кожны выбірае тое, што зь нейкіх прычын першае прыцягнула ягоную ўвагу. Таму шосты нумар я пачаў чытаць з канца і адразу атрымаў нешта накшталт палемікі двух пісьменьнікаў Андрэя Федарэнкі і Адама Глёбуса. Прычым палеміка тут узьнікае пазьней, калі ўжо асэнсоўваеш прачытанае.

Федарэнка і Глёбус пішуць кожны сваё і зусім непадобна, але — пра мастакоў. І справа разыходжаньня ня ў гэтым наогул, а ў тым, як яны даюць ацэнку мастакам, іх творам і нават — іх пражытым жыцьцям. 

“Мая вёска Бярозаўка на Мазыршчыне невялікая, — піша Федарэнка, — Аднак і яна мае сваіх знакамітых ураджэнцаў. Прынамсі тых, чые біяграфіі можна знайсьці ў інтэрнэце. Такіх ажно чатыры”. Федарэнка пералічвае чыноўніка, двух мастакоў — братоў Віктара і Мікалая Дуброваў і пісьменьніка — “аўтара гэтых радкоў”, то бок, сябе.

Гаворка ідзе пра мастакоў, ахопленых проста фантастычнаю прагай “выйсьці ў людзі”. Віктар жыў нелюдзіма і памёр у 44 гады, дарма што “быў адным з любімых вучняў народнага мастака Міхаіла Савіцкага“. У тлумачэньні пра алькаголь ці сямейныя праблемы Федарэнка ня верыць. Кажа, што надта цяжка даўся яму той выхад у людзі, а выйшаўшы, мастак страціў сваю мэту, ня ведаў, што рабіць далей, дзеля чаго жыць. Галоўнае, што толкам нічога ад яго і не засталося: ні твораў, ні рэпрадукцый, ні біяграфіі.

Падумаўшы, Федарэнка пачынае прымерваць лёсы мастакоў на сябе самога. Жыцьцё ў Мікалая — “кароткае”, 64 гады.

“Сорамна прызнацца, — піша аўтар, — але я ў той час зайздросьціў мастакам. Калі б хто з маіх землякоў сказаў: папапісаў ён, бедны, я б ганарыўся”

То бок Федарэнка піша пра сябе самога, са свайго погляду на рэчы, на жыцьцё, на лёгіку. У выніку шмат што застаецца незразумелым: іх жыцьцёвы і творчы выбар выглядае недарэчным, іх слава — замалая для такіх ахвяраў, рашэньне выступаць перад школай пасьля інфаркту — бадай, глупства, ды й жыцьцё ў 64 гады — замалое для героя… 

Усё выглядае нават няўцямна, бо ўсё тлумачыцца сабою. А калі паглядзець зь іхнае ўласнае, хай сабе ўяўнае пэрспэктывы? Знайсьці іншыя фарбы… Слава заўсёды падаецца маленькай, калі ты прымяраеш чалавека на сябе. Але так ніколі не заўважыш, напрыклад, подзьвіг, геройства, каб такім чынам кваліфікаваць яго, бо ў тваіх ацэнках для сябе гэтых адзнакаў няма.

Магчыма, мастаку, які стаў тваім героем, зусім дарэчы было б параўнаньне з героем, няважна, ці з грэцкай антычнасьці бярэцца вобраз, ці з клясычнае літаратуры. Тое самае і з братам Віктара Мікалаем.

“Мікалай перажыў Віктара на 20 гадоў. Але для такога моцнага, спартыўнага мужчыны зь вяскова-сялянскімі каранямі, з паляшуцкімі генамі 64 гады да крыўднага мала”.

***

Адам Глёбус зірнуў на мастакоў праз іхныя майстэрні, стаўленьне да іх, прадметы ў іх. І першае, што спыняе ўвагу — тумбачка. У Міхаіла Савіцкага застаўленая лекамі, у скульптара Ўладзімера Жбанава ў ёй схаваная бутэлька і чаркі. А ў скульптара Юрыя Палякова ў майстэрні ёсьць душ, пад які Глёбус устаў пасьля галёна выпітага віскі і зразумеў, што “майстэрня бяз душа — яшчэ не майстэрня”.

То бок Адам Глёбус таксама прымервае на сябе, але не жыцьцё, не філязофію, не пражытыя гады, а антураж, у якім існуе мастак і які (антураж) стварае часта і вобраз самога мастака.  

Мне гэтае параўнаньне двух тэкстаў пра мастакоў чамусьці адчулася як параўнаньне расейскай літаратуры з заходняй, дзе першая ў выніку прайграе заходняй. 

***

Гулівэр Лукаш Калюга. У аповедзе-рэстаўрацыі Алеся Пашкевіча гэта якраз маркер героя. Гулівэрам Лукаша Калюгу празвалі ягоныя сябры-аднадумцы, мабыць, за рост 2 м. Пісьменьнік быў расстраляны дзесьці ў Сібіры ў свае 28 гадоў…

Дапусьцім, у гулівэраўскі рост 2 м я паверыў без сумневаў, а вось “прыродная адоранасьць, непаўторнае майстэрства, стылістычная віртуознасьць, моц вульканічнага таленту”… такія характарыстыкі патрабавалі ня менш моцных доказаў.

Лукаш Калюга пражыў 28 гадоў… Максіму Багдановічу было 25. Іншая рэч, што тут высылка ў Сібір, што заўсёды даецца Пашкевічу выпісаць вельмі адчувальна — як у папярэднім творы пра Алеся Гаруна, і ўрэшце — расстрэл. Зноў і зноў не перастае ўражваць дурасьць чэкістаў, якія тупа зьнішчалі таленты, пры тым нічога не здабываючы сабе ўзамен. А яшчэ ўражвае нязьменная дурасьць сёньняшніх “чэкістаў”, якія таксама ня ставяць сабе нейкіх мэтаў у жыцьці, а толькі зьнішчэньне — і тых, каго зьнішчаюць, і саміх сябе.

“Ня хочацца маляваць зь пісьменьніка вобраз асаблівага «жалезнага» барацьбіта-героя. Ён быў звычайным чалавекам са сваімі страхамі, слабасьцямі і грахамі. І яшчэ ў лістападзе 1930 года, калі былі арыштаваныя яго сябры-«ўзвышаўцы» Адам Бабарэка, Уладзімер Дубоўка і Язэп Пушча, імя Лукаша Калюгі зьявілася пад здрадніцкай «заявай»: «Патрабуем жорсткай кары агентам міжнароднай буржуазіі ў Савецкай Беларусі»…”

І тут маю ўвагу прыцягнула ня тое, што Калюга нібыта штосьці падпісаў, а тое, што аўтару “ня хочацца рабіць зь яго героя”. То бок, уключаецца той мэханізм, што і ў Андрэя Федарэнкі, які піша пра мастакоў, прымерваючы матывацыю іхнага жыцьця і сьмерці на сябе самога.

***

“Апостраф” — дзіўны суплёт немагчымасьцяў. Тут і дэбютант, які нарадзіўся ў Менску, але піша сваю прозу ў Нью-Ёрку, і прызнаныя ў даўнія часы аўтары, і — раптам — расеец Віктар Ерафееў з 1980 году, якога пераклаў Зьміцер Вішнёў і які піша так, як пішуць у школьныя гады — бяздумна і з унутраным спадзевам на прарочасьць. Мне здаецца, якраз так, як і мусіць пісаць дэбютант, які выпрабоўвае свае крылы, а найперш — свой шанец…

Увесь гэты суплёт быццам абвяргае думку пра тое, што паміж пісьменьнікамі, што зьехалі і тымі, што засталіся, расьце прорва. Я разумею, што ў Беларусі беларускую літаратуру пазбаўляюць магчымасьцяў сацыялізацыі, якія былі ў савецкія часы, а робяць наадварот зь пісьменьніцтва рызыкоўную і небясьпечную прафэсію. Ім быццам намякаюць, што пісаць трэба па-расейску, але ж галоўнай заўсёды застаецца свабода. 

Калі свабода зьнішчаецца самым салдафонскім чынам, адчуваньне няёмкасьці апаноўвае ўсіх, у тым ліку і салдафонаў. Пісьменьнік ня можа не адчуваць гэтага і, каб не паўтарыць лёс расстраляных, хавае гэтую няёмкасьць. У выніку атрымліваецца, што цэлае грамадзтва затушоўвае гэтую сваю няёмкасьць у чыканьні перамен.

***

Уладзімер Сьцяпан піша фрагмэнты жывога жыцьця — якія сам назірае, без фантазёрства ці містыкі, а так, як бачыць, быццам малюе акварэльку. І абавязкова ў канцы дадае дэталь, якая робіць абразок завершаным. Падумалася, што гэта — вечная крыніца літаратуры, бо насамрэч што можа быць цікавей за розных людзей у розных сытуацыях. 

Магчыма, гэта адзіны спосаб для празаіка не перажываць няёмкасьць. Важна пры гэтым быць, напрыклад, яшчэ і мастаком.

Скажам, у Мікіты Найдзёнава якраз такія дэталі быццам выцертыя, і таму яго паэма “Надзея Сьцяпанаўна” выглядае стэрыльна і тыпова — як сам тып лёсу, якіх увогуле безьліч.

***

Ігар Бабкоў піша эсэ, дакладней, “Тры эсэ пра Эўропу”, дзе часам моцна нагадвае працяг твору Ігната Абдзіраловіча “Адвечным шляхам”

“Сьвет уступіў у эпоху няпэўнасьці. Часы без парадыгмы. Зло абудзілася і шукае сабе дарогу. Перадусім, у чалавечыя сэрцы… Зь іншага боку, цяпер мы даканала ведаем, што вайна, нават справядлівая, ня мусіць быць мэтай. Вайной можна перамагчы ворага. Але вайной вайна не перамагаецца. Ведаем, што падарожжа духа мусіць працягвацца”

Як не згадаць тут, што ў Абдзіраловіча ўсё пачыналася падобна: “Нашы часы — часы агульнай заблутанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў й іх канечнага зьніканьня празь нядаўгі час… Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзённа аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць. У такія часы адзінокая чалавечая душа шукае, пераглядаючы ўсё тое, што здавалася каштоўным, сьвятым і жаданым”.

Зьнешне ў Бабкова гэта расповед пра паездкі, сустрэчы і чытаньне ў пошуках Сярэдняй Эўропы і ўнівэрсалізму для Беларусі. Урэшце робіцца выснова, што патрэбная ясная сьвядомасьць, прыбраны панадворак, дагледжанае мястэчка. “Тады Сярэдняя Эўропа, — піша Ігар Бабкоў, — можа вярнуцца як цуд на Каляды: гірляндамі малых мястэчак на Сусьветным дрэве, у кожным зь якіх мы свае, тутэйшыя <…> да формулы Яна Чачота: маю кавалачак зямлі, на які магу паставіць лесьвіцу да неба”. 

Такім чынам экскурс філёзафа Бабкова завяршаецца словамі Бабкова-паэта, дзе сышліся разам сьветлая туга па любасных часах сядзібнай або “панскай” Беларусі, амаль дзіцячая вера ў цуд і… тут ужо дадаецца маё чытачоўскае адчуваньне марнасьці і неактуальнасьці, далёкасьці ад жывога жыцьця той Сярэдняй Эўропы перад адчуваньнем вялікіх перамен, што надыходзяць, марудна напаўзаюць на Беларусь незалежна ад нашых жаданьняў, як, зрэшты, заўсёды і было. 

Як і заўсёды ў Бабкова, гэта магутны зарад веры ў пазытыўны зыход, нягледзячы на часовую, трэба думаць, адсутнасьць у нашым жыцьці парадыгмы.