Выходзіць першы поўны пераклад “Адысеі” — перадзаказ

Выдавецтва Połackija Łabirynty анансавала выхад першага поўнага перакладу эпічнай паэмы “Адысея” на беларускую мову. Над перастварэннем аднаго з найвялікшых помнікаў сусветнай літаратуры працаваў перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Аўтарства “Адысеі” прыпісваецца паўлегендарнаму песняру Гамеру, які, імаверна, жыў у VIII ст. да н. э. Гэта гісторыя (па сутнасці працяг “Іліяды”) вяртання героя дадому пасля Траянскай вайны, поўная небяспечных прыгод, сустрэч з багамі і пачварамі, выпрабаванняў вернасці, розуму і чалавечай годнасці. На працягу амаль трох тысячагоддзяў “Адысея” застаецца адным з галоўных твораў еўрапейскай цывілізацыі.

Беларускае выданне таксама змяшчае каментары, якія дапамогуць сучаснаму чытачу лепш зразумець твор і яго культурна-гістарычны кантэкст. “Адысея” па-беларуску — гэта магчымасць адкрыць адзін з найвялікшых твораў чалавецтва на роднай мове.

Дызайн вокладкі — Вецер Механічны

Да 20 верасня на папярэдні заказ дзейнічае спецыяльная цана — 89 злотых, замовіць можна праз Allegro.pl.