Паэт, празаік і выдавец Зміцер Вішнёў анансаваў выхад новай уласнай кнігі з назвай “Мая свабода п’яная і танчыць аголенай”. У зборнік увайшлі перадусім эсэ, напісаныя цягам апошніх гадоў, а таксама некалькі апавяданняў, казкі, вершы, паэтычны дзённік і п’еса.
“Усе творы аб’яднаныя агульнай тэмай свабоды. Гэта кніга пра свабоду — у мысленні, у мове, у форме і ў праве быць розным. Пра свабоду як галоўную ўмову існавання тэксту і аўтарскага голасу”, — тлумачыць задуму кнігі аўтар у сацсетках і дзякуе выдавецтву Skaryna Press, дзе мае выйсці навінка.
Афармленнем кнігі займаліся Антаніна Слабодчыкава і Сяргей Шабохін.

17 верасня ў Берліне ў клубе PANDA platforma пройдзе першая прэзентацыя кнігі “Мая свабода п’яная і танчыць аголенай”. Ірына Герасімовіч выступіць мадэратаркай сустрэчы, Андрэй Штайнке аздобіць падзею музычнымі імправізацыямі. З Лондана мае прыехаць выдавец Ігар Іваноў, таму падчас імпрэзы можна будзе набыць не толькі кнігу Змітра Вішнёва, але і іншыя кнігі Skaryna Press.
Імпрэза будзе праходзіць на беларускай і нямецкай мовах. Уваход за данат. Падрабязнасці тут.






