Дзіцячы пісьменнік Тыма Парвэла вядомы серыяй кніг пра малодшых школьнікаў, адна з якіх сёлета выйшла ў выдавецтве Gutenberg Publisher у перакладзе Юрыя Лашкевіча. Кацярына Жамойдзіна падрабязна расказвае пра кнігу і дзеліцца невялікай гутаркай з перакладчыкам.
Тыма Парвэла — вельмі папулярны дзіцячы пісьменнік не толькі ў Фінляндыі, але і ў свеце. Яго актыўна перакладаюць на іншыя мовы, і ладнай частцы беларускіх чытачоў ён вядомы ў перакладах на польскую, літоўскую ці расейскую. Па-беларуску ўжо выходзілі дзве кнігі Тыма Парвэлы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у 2017 і 2019 гадах. Гэта былі гісторыі пра дзяўчынку Элу, яе аднакласнікаў і настаўніка. Пераклала гэтыя кнігі на беларускую мову Алена Казлова.
Кніга “Патэ гуляе ў футбол” выйшла сёлета ў беларускім выдавецтве Gutenberg у перакладзе Юрыя Лашкевіча. На першы погляд, гэта забаўляльнае чытанне для малодшых і сярэдніх школьнікаў. Але Парвэла — той аўтар, які сваім гумарам аб’ядноўвае сем’і і якога аднолькава любяць дзеці і дарослыя.
“Фішкі” Тыма Парвэлы
Найперш, ён умее расказваць гісторыю вачыма дзяцей, робячы нас саўдзельнікамі парадаксальнага дзіцячага мыслення. Гэта аказваецца карысным і для дзяцей, і для дарослых. Першыя пазнаюць сябе ў гісторыі, другія — атрымліваюць магчымасць паназіраць за нараджэннем дзіўных рашэнняў, якія ў дзіцячай галаве звычайна выглядаюць вельмі лагічнымі.
Парвэла мае педагагічную адукацыю і досвед працы ў школе, але ўсё ж апошнія 30 год ён — прафесійны пісьменнік. Таму, напэўна, тут справа не ў назапашаным прафесійным досведзе, а ў дзіцячым светаадчуванні, якое ён нейкім чынам здолеў захаваць. У інтэрв’ю літоўскаму выдавецтву Alma littera аўтар адзначаў, што піша пра тое, што яму самому цікава, і што некаторыя чалавечыя жаданні з’яўляюцца натуральнымі ў любым узросце. Напрыклад, жаданне быць заўважаным, бачным, прынятым і любімым. А рэалізуюць гэтыя жаданні, натуральна, усе па-рознаму.
Ліст да Мэсі

У кнізе “Патэ гуляе ў футбол” галоўны герой вырашае напісаць лісты вядомым футбалістам, каб запрасіць іх у сваю каманду. Для яго гэта цалкам натуральная справа: “Я напісаў такія ж лісты яшчэ да Тоцці, Рыбэры, Нэймара і ўсіх іншых гульцоў маёй каманды, пасля чаго паклаў іх у маленькія шкляныя бутэлечкі ад спецый, якія старанна закупорыў. Шкада, што да мора так далёка. Адправіць бутэлькавую пошту нашмат лягчэй, калі жывеш на беразе мора… Увечары я змыў усе бутэлькі адну за адной ва ўнітаз. Наш настаўнік неяк сказаў, што ўся вада ўрэшце трапляе ў мора”.
Адначасова Парвэла ўмее даволі востра пакпіць з нашага дарослага свету і яго правілаў. Магчыма, дзеці не заўсёды гэта счытваюць, але дакладна счытваюць дарослыя.
Чаму Патэ вырашае сабраць сваю футбольную каманду? Таму што яго не бяруць у школьную, няхай ён і гуляе лепш за іншых. Прычыну, па якой Патэ не становіцца адным з цэнтральных нападнікаў, мы даведваемся з прамовы трэнера пасля адборачных спаборніцтваў: “А напрыканцы я хачу падзякаваць тату Рыку і Раку, які падарыў нашай камандзе гэтыя цудоўныя новыя камплекты футбольнай формы”. Трэнер узяў са скрыні блішчастую чырвоную футболку, на спіне якой быў надпіс “РЫКУ 10”. На наступнай чыталася “РАКУ 11”. Я не мог зразумець, як у іх атрымалася загадзя надрукаваць на футболках імёны блізнюкоў, прычым Рыку атрымаў мой нумар”.
Каманда фрыкаў
Тыма Парвэла ўмее без маралізатарства падымаць вельмі важныя тэмы, якія кожны з бацькоў хацеў бы данесці да дзяцей: сяброўства, клопат пра блізкіх і слабейшых за цябе, пра веру ў сябе і дасягенне сваіх мэтаў. Але мы найчасцей расказваем, а Парвэла — паказвае. Напрыклад, праз трохногага бяздомнага сабаку, з якім пасябруе Патэ. А потым і праз бяздомнага мужчыну Каке, які акажацца таленавітым футбалістам у мінулым. Шчыра кажучы, усе ўдзельнікі футбольнай каманды, якую збірае Патэ, — далёкія ад нормаў і стандартаў. Яе можна было б назваць камандай фрыкаў, але для нашага героя гэта тыя людзі (і жывёлы), якія дапамагаюць здзейсніць мару. Патэ рады ім і ўдзячны. Парвэла ўвогуле шмат гаворыць пра пачуцці, дапамагаючы дзецям зразумець, што адчуваюць яны, а што могуць у гэты момант адчуваць іншыя, — дапамагае заўважыць пачуцці таго, хто побач.
Але ў кнігах Тыма Парвэла ёсць не толькі гумар і дзівацтвы. У іх ёсць вера ў цуды і перамогу дабра над злом. Парвэла шчодра дорыць чытачу адчуванне, што штосьці незвычайнае і дужа жаданае дакладна можа здарыцца. Незразумела, якім чынам, але хэпіэнд — абавязкова мусіць быць.

Таму, калі на футбольнай гульні з’яўляецца загадкавы футбаліст і дапамагае камандзе Патэ перамагчы ў турніры, нават даросламу хочацца верыць, што гэта быў менавіта Мэсі: “…я павярнуўся паглядзець на гульца, пра якога казаў Каке. Той разаграваўся на ўскрайку поля. На ім была байка з насунутым на галаву капюшонам, з-за чаго разглядзець твар было амаль немагчыма. На гульцы былі сінія футбольныя шорты і буцы розных колераў. Хутчэй за ўсё, у яго не хапіла грошай, каб купіць аднолькавыя”.
Каб крыху больш даведацца пра тое, як з’явілася кніга “Патэ гуляе ў футбол”, мы звярнуліся да перакладчыка Юрыя Лашкевіча.
Якім было ваша першае знаёмства з тэкстамі Тыма Парвэлы? Ці была гэта любоў з першай кнігі? Ці адразу адчулі, што хацелі б перастварыць гэтыя кнігі па-беларуску?
Не памятаю дакладна, калі гэта адбылося, але мой старэйшы сын недзе ў 6–7 гадоў даволі актыўна чытаў творы Парвэлы, зразумела, па-фінску. Кнігамі аўтара застаўлены цэлыя паліцы ў бібліятэках, таму абмінуць іх амаль немагчыма. А яшчэ быў беларускі пераклад “Элы і сяброў”. Яго мы таксама з задавальненнем прачыталі. Я быў уражаны тым, наколькі цікава, смешна, нязмушана і трапна піша Парвэла. Проста ідэальна для чытача малодшага школьнага ўзросту. На той момант я ўжо доўгі час марыў перакладаць і выдаваць дзіцячыя кнігі, таму адразу падумалася, што менавіта такога кшталту кніг па-беларуску трэба болей!
У аўтара даволі вялікі кніжны наробак. Якім чынам была абраная менавіта кніга пра Патэ? Гэта быў ваш выбар ці выдавецтва?
Выбар атрымаўся супольны: мой і выдавецтва, але значную ролю адыграла тут фінская агентка па правах. Я вёў з ёй доўгія перамовы. Спачатку мы ўвогуле збіраліся набыць правы на кнігу іншага аўтара, але ўзніклі непераадольныя тэхнічныя перашкоды, таму нам давялося шукаць іншы твор, і тут агентка прапанавала серыю пра Патэ, а з яе — менавіта кнігу “Патэ гуляе ў футбол”. Пазнаёміўшыся з сюжэтам і самой кнігай, мы з радасцю пагадзіліся. Таму за тое, што Патэ цяпер ёсць і па-беларуску, варта сказаць дзякуй таксама той спадарыні з Bonnier Rights Finland.
Тыма Парвэла вядомы сваім непаўторным гумарам, які зазвычай падабаецца і дзецям, і дарослым. Але, на ваш погляд, чым, акрамя гумару, адметны аўтар?
Так, Парвэлаў гумар адразу чапляе, і найперш з-за гумару дзеці і дарослыя любяць ягоныя кнігі. Але кнігі Парвэлы — гэта не толькі пра гумар. Мне асабіста падабаецца яго ўменне бачыць рэчаіснасць вачыма дзіцяці і апавядаць гісторыю дзіцячым голасам. Мне падабаецца, што ён не адмаўляе сабе ў задавальненні пажартаваць пра такія рэчы, якія шмат якія іншыя дзіцячыя аўтары часта сарамліва абмінаюць. Варта ўзгадаць і шырокі выбар тэм — тут і экалогія, і праблемы маленькіх гарадкоў, і цкаванне, і дыстанцыйнае навучанне, і штучны інтэлект… Здаецца, Парвэла здольны напісаць смешную дзіцячую кнігу на любую тэму. Ягоныя героі дзейнічаюць тут, побач з намі, а не ў нейкім казачным свеце фантазіі, таму, напэўна, дзецям лягчэй уявіць сябе на месцы персанажаў.
Мяне ў гэтай кнізе кранула тое, як аўтар упісвае вельмі розных, але аднолькава маргінальных, персанажаў у свой аповед. І тым самым нармалізуе іх. А што для вас самае важнае і цікавае ў кнізе “Патэ гуляе ў фубтол”?
Важнае і цікавае, на мой погляд, тое, як аўтар абсалютна без павучання, праз гумарыстычныя сітуацыі і прыгоды вучыць шмат якім добрым рэчам: сяброўству, спагадзе, дапамозе адно аднаму, упартасці ў дасягненні мэтаў…
Мой сын, дачытаўшы кнігу, спытаў: “Мама, а гэта сапраўды быў Мэсі?” І хоць хлопцу ўжо амаль 11 год, я не змагла сказаць: “Слухай, ты ж разумееш, што гэта кніга…”. Адказала загадкавымі “магчыма” і “хто ведае”. А як бы вы параілі бацькам адказваць на такое пытанне?
Мне самому хочацца, каб гэта быў Мэсі. Мы, натуральна, гаворым тут пра свет унутры кнігі, а не пра сапраўдныя здарэнні. Што да парадаў, то я іх даваць не буду. Хай бацькі самі выкручваюцца 🙂 Калі шчыра, то не ведаю, ці ёсць нейкі “слушны” ці “педагагічны” адказ на гэтае пытанне.
Ці маеце вы планы перакладаць іншыя кнігі аўтара? Калі так, то якія, і калі іх можна чакаць?
Маю планы і хачу перакладаць як мага больш цудоўных, вясёлых, сучасных дзіцячых кніг і ўжо зараз працую адразу над дзвюма, якія, спадзяюся, выйдуць не пазней як у наступным годзе. Што да Парвэлы, то, безумоўна, было б вельмі добра працягнуць серыю пра Патэ ці, можа, звярнуцца да класікі — “Элы і сяброў”: там больш за 40 кніг. Але пакуль канкрэтных планаў няма. Можа, самі чытачы падкажуць, якія творы Парвэлы ім хочацца прачытаць?

Давайце ўявім, што вы гаворыце наўпрост з патэнцыйным чытачом кнігі “Патэ гуляе ў футбол”. Патлумачце яму, чаму гэтую кнігу проста неабходна прачытаць.
Напэўна я б сказаў неяк так: Дарагі дружа, ці бывала з табой так, што ты бярэш у рукі кнігу, пачынаеш чытаць, але справа неяк не ідзе: ты пачынаеш нудзіцца, пазяхаць і ўрэшце кідаеш кнігу ды бяжыш ганяць мяч? Дык вось, такога дакладна не здарыцца з кнігай “Патэ гуляе ў футбол”. Патэ і нуда — рэчы несумяшчальныя! Як не верыш, то пераканайся сам!
Кацярына Жамойдзіна, для bellit.info






