У Нарвегіі ў выдавецтве H//O//F пабачыла свет анталогія сучаснай беларускай літаратуры “Eksperter på grusomme tider” (“Адмыслоўцы шалёнага часу”). Большую частку твораў пераклала Марына Хобель (Marina Hobbel), якая таксама была рэдактаркай і кіраўніцай гэтага грунтоўнага праекту.
Сурэдактарамі выступілі літаратуразнаўца Ульяна Верына і Гунар Вернэс (Gunnar Wærness). Над анталогіяй працавала мноства людзей, у тым ліку ілюстратарка Аўгіння Птычка, а дзякуючы фонду Fritt Ord і Культурнай радзе Нарвегіі кніга трапіць у бібліятэкі. У 2021 годзе беларускае аб’яднанне ў Нарвегіі “Разам” ініцыявала краўдфандынг і спонсарская падтрымка ахвярадаўцаў дазволіла кнізе нарэшце выйсці з друку.
“Назву анталогіі даў радок з верша Таццяны Сапач, — тлумачыць Ульяна Верына — [што] найлепш перадае ўвесь змест, які ахоплівае беларускую літаратуру ў самых розных гістарычных, жанравых, эмацыянальных вымярэннях. Гэта быў для мяне адзін з самых складаных праектаў, які пачаўся ў 2021 ці нават у 2020, у іншым шалёным часе як у іншым жыцці. Мы выпакутавалі гэты змест і канцэпцыю, паслядоўнасць, баланс паэзіі і прозы, колькасць аўтараў і аўтарак — мы з Марынай прымалі няпростыя рашэнні, і не раз. На жаль, у канчатковы варыянт увайшлі не ўсе аўтары і творы, якія былі ў першым (другім, трэцім, пятым…) варыянтах, бо акрамя ўсіх іншых прычын, была яшчэ і пэўная колькасць старонак…”
Таксама Ульяна Верына анансавала выхад украінска-беларускай паэтычнай анталогіі, куды ўвойдуць творы, якія не трапілі ў “Eksperter på grusomme tider”.
У анталогіі сярод іншага ёсць аповесць Васіля Быкава “Афганец” і “Час шакалаў” (у перакладзе Марціна Паўльсэна), апавяданне Уладзіміра Караткевіча “Блакіт і золата дня”, вершы Веніяміна Блажэннага і Людмілы Русавай. Агулам у выданні прадстаўлена 26 аўтараў і аўтарак.
Раздзел з творамі кожнага аўтара і аўтаркі суправаджае кароткі тэкст пра яго ці яе, каб дапамагчы нарвежскаму чытачу зразумець, у чым адметнасць і вартасць кожнага і кожнай.










