Кніжную серыю “Брукаванка” папоўніла новая кніга аднаго з найбольш самастойных і непрадказальных аўтараў беларускага літаратурнага андэграўнда Ігара Сідарука “У пашчы чорнага месяца”.
Ігара Сідарука немагчыма надоўга замкнуць у межах адной эстэтыкі. Ён можа быць лірыкам, драматургам, аўтарам чорнага бурлеску і стваральнікам “абсурдэлек”, аднак за ўсімі гэтымі маскамі застаецца пазнавальны голас — рэзкі, іранічны і балюча чулы.
У сваіх вершах, п’есах і прыдуманых ім “абсурдэльках” пісьменнік нібыта зашыфроўвае пасланні нашчадкам, якія, магчыма, здолеюць лепш за нас зразумець логіку эпохі, што страціла ўсялякую логіку. Болей пра кнігу “У пашчы чорнага месяца” можа пачытаць у разгорнутым водгуку на сайце “Новыя беларускія кнігі”.
Выданне кнігі ў “Брукаванцы” вяртае ў актуальную літаратурную прастору не толькі асобнага паэта, але і важную частку гісторыі незалежнай беларускай культуры. Бо без такіх аўтараў, як Ігар Сідарук, немагчыма ўбачыць поўную панараму беларускай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў — літаратуры, якая існавала не толькі ў афіцыйных выдавецтвах і навучальных праграмах, але і ў альманахах, малатыражных часопісах, тэатральных эксперыментах ды кнігах андэграўндных выдавецтваў.






