На беларускую пераклалі кнігу для падлеткаў нігерыйска-ірландскай пісьменніцы

Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад кнігі нігерыйска-ірландскай тэлевядоўцы, рэпарцёркі і пісьменніцы Зэйнаб Боладэл “Я заплятаю косы” (Braids Take A Day, 2024). На беларускую мову кнігу пераклала Марына Дзергачова.

Ілюстрацыя на вокладцы навінкі — Грэйс Энэмаку.

Анатацыя:

“Раздзяліць. Заплесці. Паўтарыць.
Таямніцы, як і косы, патрабуюць цярплівасці: яны расплятаюцца паволі, адна за адной…
Нарэшце наступіла лета, якога Абідэмі чакала так доўга: апошняе перад ад’ездам у каледж! Яна гатовая развітацца са школай, вывучыць некалькі новых прычосак і весела пабавіць час з сяброўкай… і, можа, пэўным хлопцам.
Аднак пасля знаёмства з загадкавай жанчынай з Нігерыі Абі пачынае бачыць тое, чаго раней не заўважала. Вось-вось ейнае жыццё раптоўна зменіцца, і ёй давядзецца прыняць некалькі няпростых рашэнняў і вызначыцца наноў, кім жа яна хоча быць…”

Зэйнаб Боладэл — нігерыйска-ірландская тэлевядоўца, рэпарцёрка, публічная аратарка і стваральніца кантэнту. Яна была першай асобай афрыканскага паходжання, якая працавала ў рэдакцыі дзяржаўнай ірландскай тэлерадыёкампаніі RTÉ.

У сваю чаргу выдавецтва Gutenberg дзякуе за кантракт і супрацувыдавецтву O’Brien Press, за падтрымку Амбасадзе Ірландыі ў Вільні і за каардынацыю праекта Інстытуту беларускай кнігі.