Польскі Цэнтр усходніх даследаванняў імя Марэка Карпа выдаў кнігу “Archipelag Białoruś. Relacje byłych więźniów politycznych”, якая складаецца з дванаццаці інтэрв’ю з былымі палітычнымі вязнямі Беларусі. Адкрывае зборнік эсэ Анджэя Пачобута.
Выданне дакументуе галоўныя асаблівасці беларускай рэпрэсіўнай сістэмы. Сведчанні палітвязняў, сярод якіх літаратуразнаўца і пісьменнік Аляксандр Фядута, культурны мэнэджар Уладзімір Булаўскі, журналісты Павел Мажэйка і Ігар Карней, паказваюць поўны спектр досведу і адлюстроўваюць перажыванні тысяч іншых нявінных людзей, якія на доўгія гады трапілі ў турмы за барацьбу за свае фундаментальныя правы, піша “Рэформ”.

Са сведкамі размаўлялі і збіралі матэрыялы Агнешка Рамашэўска-Гузы, якая працяглы час узначальвала “Белсат”, Міхал Кацэвіч і Пётр Пагажэльскі.
Кніга выйшла ў папяровым і электронным варыянтах і была прэзентаваная 6 ліпеня ў Варшаве ў Інстытуце Пілецкага.
“Archipelag Białoruś. Relacje byłych więźniów politycznych” у PDF-фармаце можна чытаць і спампаваць на інтэрнэт-старонцы Osw.waw.pl, плануецца яе пераклад на ангельскую мову.
Галоўная выява аўтарства Яраслава Іванюка






