Выйшаў аўстрыйскі часопіс з вершамі беларускіх паэтаў

У Вене выйшаў з друку часопіс пра літаратуру і культуру “Zwischenwelt”, у якім апублікаваныя творы больш як паўтара дзясяткa беларускіх літаратараў у перакладзе на нямецкую мову. Першы нумар за 2026 год называецца “Час на мяжы. Беларуская літаратура ў падполлі і ў выгнанні” (Zeit am Grat. Belarusische Literatur im Untergrund und im Exil).

Падборам аўтараў займалася Ганна Янкута ў супрацы з рэдактаркай часопіса, перакладалі ўрыўкі эсэ і паэзію Ціна Вюншман, Томас Вайлер, Лотэ Фрай, Францыска Фюхсль.

Сярод аўтараў і аўтарак нумара Алесь Бяляцкі, Сабіна Брыло, Юля Цімафеева, Ганна Шакель, Ганна Янкута, Сяргей Прылуцкі, Артур Камароўскі, Дар’я Бялькевіч, Марыя Літвін, Альгерд Бахарэвіч, Уладзь Лянкевіч, Таццяна Нядбай, Марыя Бадзей і іншыя. Частка літаратараў выступае пад псеўданімамі.

Добрая траціна выдання прысвечана беларускай літаратуры, апроч публікацыі перакладаў таксама змешчаны рэцэнзіі на кнігі беларускіх аўтараў (Юлі Цімафеевай, Альгерда Бахарэвіча, Віктара Жыбуля і Тані Арцімовіч), што апошнім часам выходзілі па-нямецку.

Часопіс аздабляюць калажы Юлі Цімафеевай.

Часопіс “Zwischewelt”, прысвечаны культуры выгнання і супраціву, з 1984 года штоквартальна выдаецца ў Вене Таварыствам Тэадора Крамера. Замовіць нумар можна, напісаўшы на адрас: office[a]theodorkramer.at