Анансавалі выхад кнігі Ігара Карнея “Інкамунікада. Катаванне адзінотай”

Выдавецтва “Полацкія Лабірынты” анансавала выхад кнігі журналіста і былога палітычнага вязня Ігара Карнея “Інкамунікада. Катаванне адзінотай”. Ужо цяпер на Allegro можна аформіць папярэдні заказ.

Што адбываецца з чалавекам, калі яго пазбаўляюць не толькі свабоды, але і магчымасці бачыць іншых, гаварыць з імі, адчуваць, што побач нехта ёсць? Як працуе сістэма, якая ператварае адзіноту ў форму катавання?

“У гэтым катаванні няма крыві, няма паламаных костак, няма выбітых зубоў. Але ёсць нешта горшае: адчуванне, што цябе сціраюць гумкай, пакуль ты не перастанеш існаваць нават ва ўласнай галаве. Ці не на гэта галоўны разлік тваіх катаў? Спустошыць, размазаць, абнуліць”.

У кнізе “Інкамунікада. Катаванне адзінотай” Ігар Карней апісвае ўласны шлях праз следчыя ізалятары, калоніі, штрафныя ізалятары і памяшканні камернага тыпу ў сучаснай Беларусі. Але гэта не толькі асабістыя ўспаміны. Гэта даследаванне механізмаў расчалавечвання — і адначасова гісторыя пра здольнасць заставацца чалавекам там, дзе ўсё накіравана на тваё знішчэнне.

Кніга заснаваная на асабістым досведзе аўтара, сведчаннях іншых палітычных вязняў і каментарыях спецыялістаў. Гэта важны дакумент пра рэпрэсіі, пра тое, як сістэма спрабуе зламаць чалавека, і пра цану захавання ўласнай годнасці.

Высылка кніг пачнецца 22 жніўня.