Фатограф Андрэй Лянкевіч паведаміў пра выхад грунтоўнага выдання “Традыцыйны інтэр’ер. Асобы”, у якім унутранае ўбранне вясковых хатаў паказанае праз фотаздымкі саміх інтэр’ераў, партрэты герояў, выявы покуці, посцілак, ручнікоў і вышывак. Усё гэта дапаўняюць аповеды пра ўласнае жыццё дзевяці людзей розных пакаленняў беларускак і беларусаў.




Чытачы знойдуць у кнізе гісторыю “80-гадовага Дзеда Касмача з-пад Валожына, які вылечыўся свянцонай вадой і малітвамі, у часы СССР, калі вера была пад забаронай; і знакамітай на ўвесь свет Бабы Каці (Кацярыны Аляксееўны Панчэні) з вёскі Пагост, пра яе лёс і хату-музей, якая зрабіла для традыцыйнай культуры так шмат, і зведала столькі гора праз смерць сыноў”, а таксама аповеды “сясцёр Веры (якая не ходзіць) і глуханямой Мані Нікановіч, якія ўсё жыццё пражылі разамі і не зведалі кахання; і <…> 90-гадовай Нэлі Міхнавец, закаханай у галубоў настолькі, што вышыла іх, напэўна, з 50 розных варыянтаў”, — раскрываюць змест кнігі аўтары праекта.



Героямі выдання сталі таксама Вера Якаўлеўна Царыкевіч, “якая лячыла шэптам нават дактароў і ад рожы, і ад укусу змяі; і маладая сям’я Шацёр, якая ў вясковай хаце пад Маладзечнам сабрала адну з самых вялікіх калекцый посцілак і вышыўкі; і ўжо памерлая Алена Мікітаўна Музычэнка, якая жыла без святла і камунікацый у Чарнобыльскай вёсцы Барталамееўцы, куды вярнулася пасля адсялення ў гарадскую кватэру”.
Таксама ёсць у кнізе два тэксты ад куратаркі Ганны Карпенкі пра фатаграфічны праект і архіў “Традыцыйны інтэр’ер” і ад фалькларысткі Таццяны Валодзінай пра адметнасць беларускага інтэр’ера.
Кніга двухмоўная — беларуска-ангельская — і налічвае 272 старонкі. Кошт выдання складзе каля 60 еўра ці 200 беларускіх рублёў. Спасылка на папярэднюю замову (без перадаплаты): docs.google.com









