Настасся Панкратава напісала кнігу пра беларускі тэатр апошняга 10-годдзя

Тэатральная аглядальніца Настасся Панкратава напісала кнігу “(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі”, якая неўзабаве выйдзе ў выдавецтве Skaryna Press. У выданні сабраныя пад адной вокладкай выбраныя інтэрв’ю і аналітыка, якія выходзілі ў розных медыя, а таксама артыкулы, якія падсумоўваюць працэсы ў беларускім тэатральным свеце з 2015 па 2025 год.

“Чаму з’явілася гэтая кніга? Бо мне невыносна баліць, калі я бачу, як разрастаюцца белыя плямы ў гісторыі айчыннага тэатра. За апошнія пяць гадоў з тэатральный карты былі сцёртыя цэлыя калектывы, а таксама асобныя постаці, што яшчэ не так даўно вызначалі кірунак развіцця нацыянальнага мастацтва. Іх імёны вы не знойдзеце на сайтах тэатраў, якім яны, не раўнуючы, прысвяцілі сваё жыццё. Я бачу, як прыйшло новае пакаленне творцаў, якія мала што ведаюць пра сваіх папярэднікаў, і гледачоў, якія не чулі прозвішчы тых, хто заклаў фундамент найлепшых калектываў, на спектаклі, якіх яны сёння не могуць здабыць квіткі”, — тлумачыць у сацсетках Настасся Панкратава.

“У нейкі момант я зразумела, што ўся мая праца крытыка за апошняе дзесяцігоддзе практычна знікла, бо ўсе тыя сайты, дзе я публікавалася, зараз практычна недасяжныя. У нябыт сышлі шматлікія інтэрв’ю і аналітыка таго тэатральнага працэсу, што адбываўся на нашых вачах”, — піша аўтарка і дадае, што на стварэнне кнігі, якая не прэтэндуе на ролю энцыклапедыі, сышоў год.

Кніга “(Не)выкраслены: Беларускі тэатр 2015–2025. Выбраныя старонкі” фіксуе бягучы момант у тэатральнай гісторыі, запоўніць прагалы, якія з’явіліся пасля падзей 2020 году, аднавіць фрагменты як біяграфій асобных тэатральных дзеячаў, так і тэатральных працэсаў, якія віравалі ў прафесійнай супольнасці яшчэ зусім нядаўна.

Аўтарка спадзяецца, што кніга дапаможа даследчыкам і тэат­ра­знаўцам, якія будуць вывучаць абазначаны гістарычны перыяд, бо дазваляе па­ба­чыць, якім быў айчынны тэатр да вымушанага рас­ко­лу і як пасля яго працягвае развівацца па розныя бакі бе­ла­рус­кай мяжы.

Выданне, якое ўжо можна замовіць праз сайт выдавецтва, пабачыць свет ў выглядзе фізічнага асобніка і ў электроннай версіі на Google Books.

Аўтарка дзякуе ўсім датычным да з’яўлення кнігі, у тым ліку праграме ArtPower Belarus, фатографам Ганне і Аляксандру, без якіх не было б шыкоўных ілюстрацый і мужу Дзянісу Марціновічу.