Дубавец далей рэфлексуе над віленскай сагай Сабаляўскайце Silva rerum III — падкаст

У новым выпуску падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец працягвае расказваць пра гістарычны раман літоўскай пісьменніцы Крысціны Сабаляўскайце “Silva rerum” у перакладзе Сяргея Шупы, бо ў канцы 2025 году выйшла трэцяя частка сагі. Недакументальнае каханне ў стылі французскіх раманаў, гістарычныя абшары сённяшняй Беларусі, знішчальныя пажары ў Вільні і многае іншае.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Пасьля выхаду двух першых тамоў перакладчык і выдавец Сяргей Шупа паабяцаў, што астатнія два тамы будуць ва ўсіх сэнсах яшчэ больш захапляльныя. Быццам гэта Ўладзімер Караткевіч уваскрос маладым і натхнёным і мае ў сваёй новай рэінкарнацыі апавесьці ўсе таямніцы продкаў. Я, вядома ж, разам з усімі задаваўся пытаньнем — куды тут можа павярнуць Крысьціна Сабаляўскайце і што прыдумаць, каб сваю вялікую віленскую сагу, прызнаны літоўскі бэстсэлер ХХІ стагодзьдзя, зрабіць яшчэ больш цікавым?

І вось што мы маем. Мастацкі, гэта значыць, не дакумэнтальны сюжэт пра каханьне ў духу клясычных францускіх раманаў Аляксандра Дзюма. А яшчэ мы адправімся на экскурсію да самага загадкавага беларускага князя, не прыдуманага, а цалкам дакумэнтальнага Марціна Радзівіла ў ягоную сядзібу ў Турне пад Берасьцем. Князь нібыта выкрадаў людзей, захапляўся габрэйскай містыкай і трымаў уласны гарэм, за што ягоныя браты Радзівілы аформілі яго як недзеяздольнага, а сабе выпісалі апеку над ім. Прасьцей кажучы, абнулілі чалавека. Як такое магло быць? Даведаемся зь бездакорна складзенага сюжэту з мноствам дэталяў, яшчэ і натхнёна выпісанага.

Большая частка ІІІ тому — гэта фармальна гісторыя Беларусі, якая адбываецца ў першай палове ХVIII стагоддзя, і, паверце, у вас проста ня будзе нагоды чамусьці тут не паверыць, або ў нечым засумнявацца. Больш за тое, дзякуючы Сяргею Шупу, вы нават не адчуеце, што чытаеце пераклад зь літоўскай.

Этнічнасьць яшчэ не аформілася ў Вялікім княстве Літоўскім як фактар. Прынамсі так прынята лічыць. Беларусы і літоўцы, ліцьвіны і русіны ніяк не падзяляюцца. І аўтарка нашай сямейнай сагі ня схільная гэта рабіць штучна. Сёньня праўдападабенства выглядае і прымаецца, падзяляецца публікай менавіта ў такім выглядзе.

***

У ІІІ томе сямейнай сагі адзін цэнтральны пэрсанаж — Пётр Антоні Нарвойш. У яго ёсьць сястра і браты, але трэба ўлічыць, што ўсе яны пачыналі сваё жыцьцё на папялішчы заможнага шляхецкага роду Нарвойшаў, у поўным зьбядненьні і галечы, у тым, што засталося ім ад бацькоў, ад эпідэміі і вайны, і вось Пётр Антоні першы выбіўся ў людзі, стаў аконамам у князя Міхала Радзівіла Рыбанькі і вярнуў сабе заможнасьць і вагу, якую Нарвойшы мелі ў першым томе. Што праўда ад колішняга сямейнага маёнтку Мільконты засталася толькі ўбогая руіна, невядома нават, хто менавіта падарваў іхны палацык там, пасярод Жамойці — ці гэта былі расейцы ці швэды, таямніца засталася схаванай у той ваеннай куламесе. Тым ня менш, ІІІ том пачынаецца з усьведамленьня Пятра Антонія, што ягоны сьвет адбудаваны, ягоныя годнасьць і заможнасьць вернутыя зь нябыту і гэта быццам вяртаньне ў тое жыцьцё, зь якога і пачыналася ўся гэтая сямейная сага. Адзіны істотны штрых, геаграфічны — тут зьяўляецца Беларусь, і мы будзем падарожнічаць па ёй разам з галоўным пэрсанажам на тле маруднага заняпаду ўжо цэлай краіны, Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Акурат на мінулым тыдні слынны літоўскі паэт, культуроляг і падарожнік Томас Венцлава, выступаючы ў Вільні, сказаў, што літоўцы і беларусы ніколі не варагавалі міжсобку. Умоўна гэтае “ніколі” значыць тысячу гадоў. Цяжкавата гэта ўсьвядоміць пасьля штучнага савецкага адчужэньня народаў, якія і сёньня маюць 600 км агульнай мяжы, якой таксама яшчэ толькі 30 гадоў і якой ніколі раней не было. Але раман Крысьціны Сабаляўскайце пра ранейшы час, пра ранейшае разуменьне і паразуменьне народаў. Бо што значыць жылі разам і ніколі не варагавалі? Гэта значыць, бачылі адны адных сваімі, такімі самымі, і ня толькі бачылі, а проста не адрозьнівалі. Аўтарка раману не гаворыць пра гэта, але нідзе ў гэтых кнігах няма нават намёку на сёньняшнюю сытуацыю адчужэньня. Хоць чытаем мы зусім сёньняшні твор, напісаны ўжо ў ХХІ стагодзьдзі, галоўны сучасны літоўскі літаратурны бэстсэлер.

Мне ўявілася, а што каб Silva rerum скараціць да адной кнігі і ўвесьці ў беларускай школе ў якасьці падручніка беларускай гісторыі. Гэта было б цалкам адэкватнае рашэньне і вялікая карысьць для адукацыі, бо ахоплівала б усю эпоху, а ня нейкія спрэчныя ці бздурныя ідэалягічныя апісаньні, якія не назавеш ні гісторыяй, ні навукай і якую сёньня выдаюць за беларускую гісторыю ў беларускіх школах. Галоўнае, чаго там няма, — гэта любоў да свайго, чаго з коптурам у Вялікай віленскай сазе.

***

Натуральна, між людзьмі быў падзел, не этнічны, але саслоўны, па лініі, умоўна кажучы, або пан — або прапаў. Высакародныя гаспадары і слугі, што адпавядала свайму часу і стварала пэўны парадак у арганізацыі жыцьця. Правілы былі прынамсі зразумелыя для ўсіх.

Пётр Антоні Нарвойш вярнуў сабе годнасьць і заможнасьць роду. Важная асаблівасьць гісторыі роду — мікрагісторыі, якія застаюцца ў памяці, як гісторыя пра залатую манэтку, што здарылася ў дзяцінстве зь Пятром Антоніем Нарвойшам, ён згадвае пра яе, наракаючы на свайго бацьку, што разбазарыў усё багацьце роду. Лішне казаць, што такія сюжэты моцна ажыўляюць плынь сагі:

“І ўсё ж лепей бы ён ахвяраваў яе пазьней, пасьля таго, як зарабіў бы на сваім задуманым гешэфце, аднак тады ў касьцёле бацька ўсё яго падганяў і падганяў, а скрынка для ахвяраў пабразгвала ўсё бліжэй, бліжэй, і калі нарэшце падышла ягоная чарга, малы Нарвойш, усё яшчэ трымаючы манэтку ў руцэ, ветліва папрасіў у ксяндза рэшту. О horrendum! Трэба было бачыць, што рабілася, які ўзьняўся вэрхал, як яго сарамацілі ў касьцёле, як адлупцавалі дома, а ён жа ж толькі падлічыў, што, атрымаўшы рэшту, ён за яе ўсё ж яшчэ нешта б у жыда вытаргаваў, і якое ўжо тут злачынства, усе былі б шчасьлівыя…”

Аўтарка нікому і ніколі не дае сваіх ацэнак. Распавядаючы гісторыю, яна быццам сама становіцца на месца героя і таму жмінда сам тлумачыць сваё жміндоўства, напрыклад, Пётр Антоні ўжо ў сталыя гады разважае, як бы ён распарадзіўся той рэштай, якую ня змог атрымаць з залатой манэткі ў касьцёле. Ён, які вярнуў сабе зьбяёданыя бацькам багацьці роду. Ён, які зрабіў Радзівіла найбагацейшым магнатам Эўропы. Як ні круці, аказваецца, што ён мае рацыю, якой не зразумелі ўсе тады ў касьцёле.

Нарвойш цяпер служыць у князя Радзівіла Рыбанькі — нясьвіскага ардыната. Дзея вяртаецца ў Вільню, на самае Зарэчча, дзе героем становіцца агонь. Гэта 1748 год. У Вільні няма ні эпідэміі, ні вайны. Быццам бы насталі спакойныя сытыя часы. Але зь якой жа хуткасьцю проста імгненна ўспыхваў высмажаны летняй сьпёкай горад:

“… але ж цяпер усе станы былі роўныя перад небясьпекай пашырэньня агню, які не шкадаваў ні іх, ні іхнага майна, які не адрозьніваў грэшнікаў ад ксяндзоў — нібы танцуючы, перабраўшыся доўгімі языкамі полымя праз драўляны масток, ён спаліў дом Сьніткі і аблізаў камяніцу Гансоўскага ў двары, з прагным трэскам абгрыз двары пекара і млынара, дамок айцоў місіянэраў і дварок брацтва Сьвятой Ганны, сьпёк ятку Рагінскага, закусіў біскупскімі млынамі і кельлямі бедных старых паннаў бэрнардынак, што былі побач, але тыя пасьпелі выбегчы, бо ніякіх вялікіх скарбаў ня мелі, пасьля шухнуў праз мост над Вялейкай пад званіцу Спаса, дзе не пашкадаваў ні Мацея лазебніка, ні Мацея краўца, ні музыканта Сьцяпана, ні млынара Яна, непадалёк праглынуў і першую ахвяру — служку папяровай майстэрні Дахновіча, тая не пасьпела цэлая выбрацца з паўпадвала, выбегла на вуліцу ўжо ахопленая полымем, у запаленым чапцы, і з крыкам кідалася, зрываючы зь сябе шматкі адзеньня, нібы жывая паходня, але ніхто ўжо ня мог ёй дапамагчы, дзяўчына ўпала пасярод вуліцы і дагарэла, нібы папяровая лялька”. 

Зьвярніце ўвагу, і тут аўтарка, як яна заўсёды “ўсяляецца” ў пэрсанажаў і кніга пачынае гаварыць і разважаць ад імя гэтага пэрсанажа, так і тут яна ўсяляецца ў агонь і далейшы аповед вядзецца ад імя стыхіі.

***

Беларуская мова ў Шупы — асаблівая тэма. Я даўно пераканаўся, што нашы афіцыйныя слоўнікі зусім не прыдатная для адвольнага ці прастамоўнага апісаньня жыцьця. Асабліва што да “нецнатлівае” яго плыні. Шупа, вядома, дае рады. І важная рэч — правапіс. Я разумею, што апраўдваць “нязначнасьцю праблемы” тое, што рэальна апраўданае сёньня пагрозаю турмы, не адэкватна. Зразумела, чаму кнігі ў Беларусі выходзяць скалечаным правапісам, але апраўдваць гэта тым, што гэта “школьніца” — тое самае, што апраўдваць забарону тарашкевіцы. Пагатоў і ў школах мова занепадае, і ўжо зьявілася пакаленьне людзей, якія беларускую ўвогуле не разумеюць. На гэтым тле асаблівую асалоду дае чытаньне паўнавартаснага і надзвычай жывога тэксту ад Сяргея Шупы. Ён, мне здаецца, не карыстаецца афіцыйнымі слоўнікамі, якія ведае на памяць, а цалкам знаходзіцца ў натуральнай плыні той мовы, якую фіксавалі майстры дасавецкай школы, мадэрнізуючы яе пад сучасныя патрэбы.

***

 У рамане шмат пачуцьцёвасьці, шмат сцэнаў каханьня, і гэтая тэма не спыняецца нават тады, калі галоўны герой уваходзіць у дом Мацея Радзівіла і чуе музыку, у яго ізноў на ўме толькі гэты матыў:

“Пётр Антоні, слухаючы, нібы зачараваны, у думках спрабаваў угадаць, каторы з інструмэнтаў мог быць мужчына, а каторы — жанчына; і быў амаль упэўнены — клявэсін вёў, пранікаў, нібы цела ў цела, укручваўся, згінаў, выгінаў і ламаў, а віялянчэль яму адказвала, раскрывалася і аддавалася балючымі шчаснымі ўздыхамі, і Пётр Антоні нават злавіў сябе на тым, што чырванее, добра, што прыцемак, было б сорамна перад жыдам; адчуваў сябе так, нібы падглядае праз замочную шчыліну за голымі мужчынам і жанчынай, якія аддаюцца жарсьці…“

 ***

Вялікай асобнай тэмай становяцца габрэі зь іх бытам, містыкай і пакрыўджанасьцю, бо іх чамусьці выстаўляюць вінаватымі ў пажарах, хоць цярпяць яны ад іх ніяк ня меней за іншых. Габрэі тады складалі значную частку насельнікаў краю, і віленскія, і тыя ў Турне, дзе Нарвойш наведвае Марціна Радзівіла. Вікіпэдыя піша, што там і зараз захаваліся рэшткі таго раскошнага маёнтка, які так дэтальна і з захапленьнем апісваецца ў рамане. Рэшткі панскай бытнасьці, калі панскія сядзібы былі цэнтрамі культуры і эўрапейскай арыентацыі. Сёньня яны па ўсёй Беларусі ператвораныя ва ўбогія аграгарадкі, дзе даўно няма паноў, а колішняя прыгажосьць і годнасьць, у найлепшым выпадку, гібее ў выглядзе нікому непатрэбных руінаў.

Прызнаньне Марціна Радзівіла недзеяздольным — дакумэнтальны факт. Хоць, шчыра кажучы, сытуацыя, калі хтосьці вядомы гістарычны пэрсанаж звар’яцеў, заўсёды выклікае недавер. І тут рэч не ў асабістым уражаньні, якое склалася ў Пятра Антонія, але і ў тым настроі, зь якім падае гэтую гісторыю аўтарка Крысьціна Сабаляўскайце, якая раней ва ўсіх дробязях апісвала візыт Пятра Антонія да князя Марціна ў Турну і глядзела на ўсё вачыма, вядома ж, Пятра Антонія. Таму ня дзіўна, што пасьля гутаркі зь Міхалам Радзівілам Рыбанькам, які прызначыў Нарвойша сваім упаўнаважаным абвясьціць князю Марціну яго недзеяздольным, Нарвойш “можа і дарма раптам сказаў: «Ваша высокасьць, усё ж я ня думаю, што князь крайчы так ужо зусім звар’яцеў…», але тут князь яго перапыніў, коратка і сярдзіта: Нарвойш, вы ня думайце, а выконвайце…“

Важная рэч — збалянсаванасьць чытачоўскай увагі. Калі адбываецца сцэна гвалтоўнага зьнерухомленьня князя Марціна і чытач яшчэ вагаецца, хочучы ўстаць на бок гэтага разумнага чалавека, якога абсела купа салдат, дык далей адбываецца абход маёмасьці і князь Геранім і Пётр Антоні трапляюць у пакой, дзе фактычна зьняволеная жонка князя Марціна, яна на восьмым ці дзявятым месяцы цяжарнасьці, зь ёю трое большых дзецей, яны даўно і цалкам пазбаўленыя прыслугі, замкнутыя, можна сабе ўявіць, які там смурод, бруд і розныя хворасьці на целе ад нямытасьці… тут адназначнасьць у шкадаваньні князя зьмяншаецца, калі не адступае ўвогуле, маўляў, хто там ведае, што і як тут рабілася, можа быць, і мелі рацыю куратары.

***

Сцэны каханьня жарсныя і, каторыя ўжо ў кнізе, якая, часам здаецца, уся складзеная з такіх сцэн, але зноў новыя, і ўжо выглядае, што Пётр Антоні ўпершыню закахаўся з такой сілай у бездакорна выпісаную жанчыну. Гэта Бальбэта — тая чароўная фэя з гарэму князя Марціна, які ператвораны ў нуль, прызнаны недзеяздольным, аддадзены пад апеку брата Гераніма.

Бліжэй да канца ІІІ тому вялікая віленская сага пачынае паскарацца. Звыклая дынаміка набывае дадатковы рытм у выглядзе мастацкага сюжэту. Каханьне, пра якое думаў Пётр Антоні, урэшце прыйшло да яго — безагляднае, бясконца і няспынна жаданае, дар Божы.

Уласна мастацкасьць “ад Дзюма” і містыцызм “ад Марціна Радзівіла” — тое, што адрозьнівае гэты том ад астатніх і ўзмацняе ягоную чытэльнасьць. 

Сапраўды, каханьне Бальбэты было нагэтулькі вялікім, як дарунак нябёсаў, як штосьці такое моцнае, што ажно неверагоднае, эфэмэрнае, цемра, наскрозь працятая сьвятлом… Трэба было насьцярожыцца, наколькі тое каханьне большае за цябе самога і наколькі яно непадобнае на ўсе твае любошчы, якія ты зьведаў… Штосьці тут ня тое, штосьці, нібы з развагаў князя Марціна, і ўспрымаць гэта трэба адпаведна. Тут, мабыць, першы такі за тры тамы выхад у нерэалістычную сфэру. Але мы прызвычаіліся, што аўтарка ўсё тлумачыць рэалістычна і поўнае разьвязаньне прыйдзе, але ўжо ў наступным 4-м томе.

А пакуль  на двары 1748 год, Пятру Антонію 37 гадоў. Лекар сказаў, што ён перажыў апаплексію — нарадзіўся другі раз і самае моцнае — тое, што ўсьміхацца цяпер будзе толькі паловай рта. Насамрэч адбылося самае страшнае, чаго ён больш за ўсё прагнуў. Каханьне забіла яго.

Але яшчэ не канец. Нас чакае яшчэ цэлы том віленскай сагі.