Выдавецтва Vesna Books выпусціла з друку заключныя часткі гістарычнай тэтралогіі “Silva Rerum” Крысціны Сабаляўскайце. Пераклад з літоўскай мовы, як і першых дзвюх кніг, здзейсніў Сяргей Шупа. Кнігі ўжо можна купіць праз сайт Knihauka.com і ў кнігарні ў Варшаве, а таксама шукайце на Allegro.
“Silva Rerum III” працягвае сагу пра род Нарвойшаў — чытач пераносіцца ў сярэдзіну XVIII стагоддзя, дэкадэнцкую эпоху ракако, якую часта называюць “сутоннем перад эпохай Асветніцтва”. Пётр Антоні Нарвойш, аконам і давераная асоба магутных Радзівілаў, становіцца сведкам іх сямейнай драмы.
“Silva Rerum IV” завяршае вялікую віленскую сагу роду Нарвoйшаў. Падзеі адбываюцца ў канцы XVIII ст. — гэта час палітычных, эканамічных і культурных узрушэнняў, пераломны момант эпох, калі Вялікае Княства Літоўскае перажывае палітычны заняпад і адначасова прарыў прагрэсіўных ідэй.


Цыкл гістарычных раманаў “Silva Rerum” доктаркі мастацтвазнаўства Крысціны Сабаляўскайце — адна з самых значных падзеяў у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў, якая атрымала ўвагу і прызнанне ў Літве і за мяжой. Раней выходзілі першая і другая часткі цыклу.






