У лістападзе ў Вільні адбыўся міжнародны семінар, прысвечаны дзіцячай літаратуры. Адным з выступоўцаў быў Стыян Холе — нарвежскі ілюстратар, графічны дызайнер і аўтар кніг для дзяцей. Размову са Стыянам мадэравала перакладчыца і выдаўніца Надзея Кандрусевіч. Заснаванае Надзеяй у 2018 годзе выдавецтва “Koska” спецыялізуецца на выданні скандынаўскай дзіцячай літаратуры па-беларуску.
Уражаннямі ад выступу Стыяна Холе дзеліцца ўдзельніца семінара, кніжная блогерка Кацярына Жамойдзіна.
Першая кніга Стыяна Холе выйшла ў 2005 годзе і атрымала прэмію Міністэрства культуры Нарвегіі за найлепшы дэбют. У 2006 годзе выйшла кніга “Лета Гармана”, за якую аўтар атрымаў нарвежскую прэмію Брагі. Цяпер гэта кніга перакладзеная больш як на 20 моваў, у тым ліку на беларускую (выходзіла ў выдавецтве “Янушкевіч” у 2018 годзе). Яшчэ адна кніга Стыяна Холе, якая існуе ў беларускім перакладзе, — “Неба Ганны” (выходзіла ў выдавецтве “Koska” ў 2020 годзе). Абедзве пераклала на беларускую мову Юля Цімафеева.
Стыян Холе працуе ў адметнай тэхніцы digital-калажу і стварае свае выявы з дапамогай Photoshop, але падчас семінару ён гаварыў не пра тэхнічныя асаблівасці працы, а пра крыніцы натхнення, перакананні і ўласныя дзіцячыя ўспаміны, звязаныя з кнігамі. У аўтара атрымалася сапраўдная лекцыя, у якой ён расказаў пра тое, што лічыць найбольш важным у працы з дзіцячай літаратурай.

Стыян рэгулярна вяртаўся да метафары кнігі як падарожжа — падарожжа ў вялікі свет і вяртанне да сябе ўжо іншым.
“Кніга — гэта падарожжа ад чагосьці быццам бы маленькага і лакальнага да чагосьці глабальнага, універсальнага, а потым назад. Чытанне пашырае свет вакол нас, але і набліжае нас да таго, што знаходзіцца непасрэдна побач. Дае магчымасць глыбей і лепей спазнаць сябе, пабачыць сябе звонку, а іншых людзей — знутры сябе”.
Расказваючы пра кнігі, якія былі важнымі асабіста для яго ў дзяцінстве, Стыян пажартаваў, што ў яго кепская памяць. І гэта дае магчымасць памятаць усё так, як ён хоча: і пра сябе ў дзяцінстве, і пра кнігі, якія ён чытаў. Кнігі часта былі не толькі ягонымі, а агульнымі са стрыечнымі братамі і сёстрамі, “падарожнічалі ад дзіцяці да дзіцяці — як птушкі”. А вось сумеснае чытанне з мамай было толькі іх і нічыім болей: “Памятаю, як мне чытала мама. Гэта ўспамін ідзе са мной праз усё жыццё, і тут памяць мяне не падводзіць. Я добра памятаю тое адчуванне бяспекі, цішыні, спакою”.
Па словах пісьменніка, у дзяцінстве амаль усе кнігі, якія ён чытаў самастойна, былі дарослымі. Цяпер жа ён чытае пераважна дзіцячыя кнігі, няхай яго ўласныя дзеці, якіх Стыян мае трое, ужо дарослыя.


Гэтая тэма прывяла да іншай: пра тое, як дарослыя чытаюць кнігі дзецям. Стыян узгадаў, што прыходзячы па сваіх дзяцей у садок, бачыў, як выхавацелькі чытаюць ім кнігі. Слухаў на бацькоўскіх сходах абмеркаванні пра важнасць чытання. Але ва ўсім гэтым часта адчуваў нейкую мэтавасць. Гэта, кажа аўтар, частая з’ява: дарослыя чытаюць дзецям з мэтай навучыць, прадэманстраваць, выхаваць. “Я не веру ў гэта!”, — шчыра кажа Стыян Холе, і падкрэслівае, што чытанне каштоўнае само па сабе.
Пра сучасныя выклікі
Адным з галоўных выклікаў — і для пісьменнікаў з ілюстратармі, і для бацькоў з педагогамі, — Стыян Холе лічыць скарачэнне ліміту ўвагі. Сучасныя дзеці не могуць засяроджвацца на кнізе гэтак жа доўга, як маглі дзеці папярэдніх пакаленняў. Таму тэксты ў кнігах становяцца карацейшымі і больш дынамічнымі. Другая праблема — гэта запыт на забаўляльнасць, што звужае аўдыторыю іншых кніг — філасофскіх, абстрактна-паэтычных.
Прысутная ў аўдыторыі Ліля Ілюшына, сябра IBBY, звярнула ўвагу на трэнд пераходу ад picture books у бок silent books, пра які апошнім часам гавараць адмыслоўцы. То бок пра тое, што дзіцячыя кнігі перастаюць мець тэкставы складнік у прынцыпе. Стыян Холе адказаў, што ён бачыць гэты трэнд і яго гэта турбуе. Ён сам у першую чаргу ілюстратар, але для яго важна падкрэсліваць неабходнасць і вартасць менавіта чытання. Пры гэтым у нарвежскіх дзяцей, па словах Стыяна, назіраюцца праблемы з канцэнтрацыяй і чытаннем доўгіх тэкстаў. Яны хочуць чытаць кнігі напісаныя youtube-мовай, чытанне больш глыбокіх кніг для іх падаецца складаным.
Але і з picture books не ўсё проста. Сапраўдная кніга з ілюстрацыямі — гэта не асобна створаны тэкст і потым намаляваныя да яго ілюстрацыі. Гэта заўсёды супраца аўтара і мастака. Гэта заўсёды пра дапаўненне, а не пра дубляванне, мяркуе пісьменнік.


Калі Стыян стварае ўласную кнігу, то ідзе ад візуальнага вобраза. Напрыклад, кніга “Неба Ганны” пачалася з вобраза дзяўчынкі на арэлях. Ён ўбачыў яе і падумаў: “А ці можа з гэтага атрымацца гісторыя?” І гісторыя атрымалася: гэта вельмі глыбокі і паэтычны дыялог паміж татам і дачкой, і толькі між радкоў і праз асобныя словы становіцца зразумела, што кніга — пра смерць мамы.
Калі Стыян Холе супрацоўнічае з іншымі аўтарамі як ілюстратар, то яму важна каб пісьменнік падзяляў ягонае бачанне і перакананні. Важна, каб яны з аўтарам маглі давяраць адно аднаму. “Калі штосьці добра спрацоўвае ў малюнку, тады аўтар змяняе тэкст. Альбо калі штосьці ёсць у тэксце, тады мне не трэба гэта паказваць у ілюстрацыі, бо гэта ўжо цудоўна сказана словамі. Я мушу дадаць штосьці іншае”, — адзнача ён.
Безумоўна, выклікам для аўтараў і мастакоў з’яўляецца імклівае развіццё штучнага інтэлекту. Стыян лічыць, што выдавецтвы будуць шмат сваіх патрэб закрываць з дапамогай штучнага інтэлекту, але цалкам ад паслуг ілюстратараў ўсё ж не адмовяцца. Будуць патрэбныя ілюстратары, якія ўмеюць карыстацца ўсімі гэтымі сродкамі: “Што звычайна адбываецца з тымі, хто спрабуе спыніць прагрэс? Іх ужо няма. Але я не магу рабіць тое, у што я не веру. Тое, што я раблю, — гэта значна для мяне. Я не хачу быць проста аператарам, які сочыць за працай штучнага інтэлекту”.
Дзіцячыя кнігі ў складаныя часы
Большасць кніг Стыяна Холе — на няпростыя тэмы. Але што рабіць, калі і часы не вельмі простыя, калі і ў рэальным жыцці дзеці сутыкаюцца з вялікімі выпрабаваннямі? Пра тое, якой мусіць быць дзіцячая літаратура ў змрочныя часы, спытала мадэратарка Надзея Кандрусевіч. Бо для дзяцей у нашым рэгіёне апошнія пяць гадоў — суцэльныя выпрабаванні. Літаратура нарэшце пакрысе пачынае гэта адлюстоўваць і асэнсоўваць.
Стыян Холе лічыць, што няма неабходнасці абараняць дзяцей ад складаных эмоцый. Пра складаныя эмоцыі трэба гаварыць: “Хтосьці можа сказаць, што ў цёмныя часы трэба, каб вас забаўлялі, каб кнігі былі гэтакімі ўцёкамі. Але я не ўпэўнены ў гэтым. Бо дзеці — яны разумныя. Ужо са школьнай пляцоўкі яны ведаюць, што свет — не заўсёды бяспечнае месца”.

Надзея дадала, што кнігі Стыяна Холе, калі выходзілі ў беларускіх перакладах, не былі бестсэлерамі. Гэта не тыя кнігі, якія прадаюцца хутка. Шмат для каго з беларускіх бацькоў гэта дзіўныя тэмы і дзіўныя ілюстрацыі. “Але гэта наша адказнасць — прапаноўваць такія кнігі і такія тэмы грамадствам, якія яшчэ даволі закрытыя”, — лічыць выдаўніца.
Рэцэпт добрай кнігі
Стыян Холе бачыць дзве перспектывы, з якіх можна разглядаць стварэнне дзіцячай кнігі: з пазітыцыі дарослага і з пазіцыі дзіцяці. Важна быць удзельнікам і назіральнікам адначасова, і ўвесь час пераходзіць паміж гэтымі двума пунктамі гледжання.
“Я намагаюся пісаць пра тыя рэчы, якія падаюцца мне асабіста важнымі. Таму што калі яны важныя для мяне, то, можа быць, і для кагосьці іншага яны будуць такімі. Шляхоў, каб увайсці ў гісторыю і выйсці з яе, — безліч. Але добрая гісторыя павінна штосьці адкрываць для нас ці ўнутры нас. Гэта найлепшы адказ, які я магу даць, гаворачы пра рэцэпт добрай дзіцячай кнігі. І гэта тое, у што я веру”, — падсумаваў Стыян Холе.
Семінар "Выданне дзіцячай кнігі на роднай мове: беларускі шлях і міжнародны досвед" адбыўся 18-19 лістапада ў Вільні. Ён быў арганізаваны Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў у партнёрстве з Саюзам шведскіх пісьменнікаў, Саюзам літоўскіх пісьменнікаў, пры падтрымцы Nordic Council of Ministers, Амбасадаў Каралеўстваў Швецыі і Нарвегіі ў Літве.






