У выдавецтве “Папуры” выйшаў раман нямецкага пісьменніка Эрыха Марыі Рэмарка “Лісабонская ноч” (Die Nacht von Lissabon, 1962). Пераклала выбітны твор на беларускую мову Вольга Гронская.
Грунтоўнае выданне ў цвёрдым пераплёце апроч тэксту рамана змяшчае каментары перакладчыцы, а таксама пасляслоўе літаратуразнаўцы Тыльмана Вестфалена (Tilman Westphalen).
“Лісабонская ноч” апавядае пра лёс нямецкіх эмігрантаў у нацысцкую эпоху да і падчас Другой сусветнай вайны ў Францыі, Гішпаніі і Партугаліі. Раман быў апублікаваны ў 1962 годзе і стаў перадапошнім раманам Рэмарка.

“Змрочны пачатак саракавых. Стоячы ўначы на лісабонскай набярэжнай, нейкі мужчына не зводзіць вачэй з карабля. Гэты мужчына – нямецкі эмігрант. Яго мэта – Амерыка. Але ён не мае ні візы, ні грошай. Раптам незнаёмец прапаноўвае яму два квіткі на карабель. Задарма, але пры адной умове: ён не хоча заставацца ў гэтую ноч адзін. Ён хоча расказаць іншаму чалавеку сваю гісторыю: гісторыю ўцёкаў, гісторыю, якая пачалася ў Аснабруку ў 1933 годзе…
Раман Рэмарка, які меў нязменны поспех з моманту выхаду ў свет у 1962 годзе, захапляе ад першага да апошняга радка і разам з тым перадае ўсю пакутлівасць эмігранцкага лёсу, у якім каханне і смерць з’яўляюцца нязменнымі спадарожнікамі існавання”.
Купіць кнігу можна ў кнігарнях у Беларусі, а таксама ў сеціве, напрыклад, на сайтах Knihi.by і Oz.by.






