Гапеева ўклала і пераклала анталогію нерыфмаванай паэзіі для дзяцей

Выдавецтва Skaryna Press анансавала выхад незвычайнай кнігі для дзяцей — анталогія нерыфмаванай паэзіі “На пухнатых лапках”, укладальніцай, перакладчыцай і ілюстратаркай якой выступіла Вольга Гапеева. Кніга мае выйсці 27-га лістапада, але сігнальныя асобнікі можна будзе пагартаць на фестывалі “Прадмова” ў Варшаве.

У кнігу ўвайшлі пераклады твораў розных часоў з ангельскай, японскай, нямецкай, гішпанскай і іншых моў.

Нерыфмаваныя вершы — добры антыдот таму страху, які многія дарослыя выпрацавалі да паэзіі, бо лічаць яе занадта рамантычнай ці складанай для разумення справай. .

“На пухнатых лапках“ — першая анталогія нерыфмаванай паэзіі для дзяцей, якая выходзіць па-беларуску. Тут сабраны вершы аўтарак і аўтараў з розных краін і розных часоў. Некаторыя творы былі адмыслова напісаны для дзяцей, іншыя, магчыма, не задумваліся такімі, але іхняя тэматыка робіць іх зразумелымі для малых чытачоў, пашыраючы кругагляд дзяцей у свеце паэтычнага слова.

Вольга Гапеева — паэтка, мыслярка, перакладчыца. Лаўрэатка міжнародных літаратурных прэмій. Яе творы перакладзеныя больш чым на 15 моваў свету. З 2019 года жыве ў Аўстрыі і Нямеччыне, піша па-беларуску і па-нямецку.

Замовіць кнігу можна ўжо цяпер на сайце выдавецтва. Кніга выйшла ў рамках акцыі “33 кнігі для іншай Беларусі”.