7—9 лістапада PRADMOVA едзе ў Познань — праграма

З 7 па 9 лістапада ў Познані на некалькіх пляцоўках горада пройдуць прэзентацыі новых кніг, творчыя сустрэчы, літаратурныя дыскусіі і музычныя імпрэзы. Усё гэта ў межах праграмы фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA.

Познаньская праграма злучыць гісторыю і сучаснасць, літаратуру і актуальныя сацыяльныя пытанні, фантастыку і паэзію, мастацкія перформансы і прафесійныя размовы для тых, хто хоча быць у цэнтры культурнага жыцця. Таксама будзе асобная дзіцячая пляцоўка, тэатральныя і кінападзеі, якія дапамагаюць убачыць сучасную Беларусь у розных вымярэннях.

У першы дзень фестывалю сярод іншага пройдзе дыскусія “Зялёны ліст, чырвоны цвет…”: савецкая ўтопія і беларуская паэзія”. Літаратуразнаўца Марына Казлоўская і паэт Андрэй Хадановіч паразважаюць пра пакаленне паслухмяных і непаслухмяных дзяцей Кастрычніка, пра межы творчай свабоды і пра тое, як сістэма ўплывала на беларускіх паэтаў — ламаючы хрыбет натхненню, знішчаючы творы і саміх аўтараў.

Не прапусціце тэатральную падзею (партнёрская імпрэза Teatr Ósmego dnia): спектакль “Say hi to Abdo” паводле дакументаў і сведчанняў міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы і сустрэчу з аўтарам п’есы Мікітам Ільінчыкам.

Маленькіх наведнікаў фестывалю чакаюць сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі і ўнікальныя інтэрактыўныя чытанні “Шчасце — гэта ліса”, а дарослых — жывыя размовы пра літаратуру і эміграцыю, бестселеры і фемінізм, праўду, мацнейшую за страх, і дакладныя навукі па-беларуску.

Фіналам другога фестывальнага дня стане Ноч паэзіі, на якой выступяць Ганна Шакель, Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Вера Бурлак, Андрэй Хадановіч, Данііл Вашкевіч, Уладзь Лянкевіч.

У нядзелю запрашаем на цырымонію абвяшчэння лаўрэатаў Прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады; размовы пра навінкі серыі “Галерэя чалавечай думкі” і аўтафікшн у Беларусі і свеце.

У чытачак і чытачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з новымі кнігамі і выдавецтвамі, знанымі аўтарамі і дэбютантамі, завітаць на музычна-літаратурныя прэзентацыі Артура Камароўскага і Фрыдрыха Самотнага.

Завершыць фестываль выступ Кміт-ансамбля і танцавальная вечарына “Танцы ў Пазнаньцы”.

Поўная праграма фестывалю і дадатковая інфармацыя даступныя на афіцыйным сайце PRADMOVA

Мерапрыемства ў Facebook.
Мерапрыемства ў Instagram.