Выдавецтва “Тэхналогія” адкрыла перадзамову на раман славацкай пісьменніцы Алены Сабухавай “Шаптухі” ў перакладзе на беларускую мову. Перастварыла твор па-беларуску Кацярына Квалеўская-Ахматава.
Раман “Шаптухі” (Šeptuchy) пісьменніцы і сцэнарысткі Алены Сабухавай (Alena Sabuchová) выйшаў у 2019 годзе і атрымаў галоўную літаратурную прэмію Славаччыны ў галіне прозы — Anasoft litera.
Анатацыя:
“Таямнічы, чароўны свет Падляшша… Дзе адбываюцца паломніцтвы да знакамітай «гары крыжоў» Грабаркі і стаяць чэргі да мясцовых шаптух, чые абрады не змяніліся з паганскіх часоў. Пад крылом Белавежскай пушчы прытаіліся вёскі, жыхары якіх па-свойму глядзяць на вакольны свет, па-свойму памінаюць продкаў, захоўваючы і працягваючы адметныя традыцыі. На старонках гэтай кнігі містыка часам пераплятаецца з рэчаіснасцю, свет інфернальны пачынае ўплываць на рэальны. Разам з тым героям рамана «Шаптухі» не чужыя і агульналюдскія праблемы, якіх немагчыма пазбегнуць у сучасным глабалізаваным свеце”.

Выдавецтва “Тэхналогія” прапануе замовіць кнігу да выхаду з друку са зніжкай.
Фота на галоўнай выяве — Vladimír Šimíček