Аўтар і перакладчык прэзентуюць чэскі раман па-беларуску ў Варшаве

Выходзіць з друку кніга чэскага аўтара Мілаша Урбана “Сямікасцелле. Гатычны раман з Прагі”. Пра гэта расказаў у сацсетках перакладчык Сяргей Сматрычэнка, які перастварыў кнігу на беларускай мове, а таксама анансаваў прэзентацыю рамана ў Варшаве.

“Доўгіх 7 гадоў у мяне не выходзіла кніжных перакладаў. Я ўжо прызабыў тое адчуванне, калі трымаеш у руках новую кнігу, якой аддаў столькі высілкаў. Вось жа, на наступным тыдні 7-гадовая паўза скончыцца, і ў жыхароў ды гасцей Варшавы будзе першая магчымасць таксама патрымаць той скарб у руках”, — піша Сяргей Сматрычэнка.

Раман “Сямікасцелле” выйшаў у 1999 годзе і імкліва вынес Мілаша Урбана на чэшскі літаратурны Парнас. Гатычнасць у творы спалучаная з элементамі містычнага дэтэктыву.

Мілаш Урбан (Miloš Urban)

Першая прэзентацыя для беларускіх чытачоў пройдзе ў Варшаве 14 траўня. Удзел возьмуць аўтар Мілаш Урбан, перакладчык Сяргей Сматрычэнка, выдавец Пэтр Мінаржык.

Калі: 14.05, пачатак 18:30
Дзе: Беларускі Моладзевы Хаб, вуліца Дажынкова 6А, Варшава