Выйшаў з друку пераклад нямецкага коміксу Жазэфіны Марк “Трымайся, Трусік!” (“Trip mit Tropf”). Кніга поўніцца вострасюжэтных прыгодаў — сапраўдны блакбастар у лесе, але страшэнна добры блакбастар.
Кнігу выпусціла ініцыятыва “Кніжны вырай” у супрацы з выдавецтвам Gutenberg. Пераклад здзейсніла Вольга Гронская. Сродкі на друк збіралі праз краўдфандынг.
Комікс апавядае гісторыю нараджэння сяброўства паміж суворым Ваўком і палахлівым маленькім Трусікам. Лёс зводзіць іх разам і штурхае ў падарожжа, поўнае прыгод і кур’ёзных падзей. Да таго ж Трусіку трэба прымаць лекі, бо… ён хворы на анкалогію. Аўтарка далікатна і з гумарам праводзіць тэму хваробы праз комікс.