Звяртаем увагу чытачоў на тры кнігі, звязаныя з беларускімі аўтарскімі і народнымі казкамі, што выйшлі ў беларускіх выдавецтвах.
Раман Цымбераў перавыдае “Каляды з хроснай: праўдзівыя гісторыі і крышачку чарадзейства” беларускай казачніцы Алены Маслы (адкрыты папярэдні заказ). У кнізе расказваецца пра дзяўчынку Віку, якая каляднай парой гасцюе ў хроснай і трапляе ў свет неверагодных дзівосаў і цудоўных пераўтварэнняў. Урэшце і сама яна становіцца маленькай чараўніцай.
Для дзяцей малодшага школьнага веку Алесь Бадак разам з мастачкай Марысяй Вярцейкай і выдавецтвам “Мастацкая літаратура” падрыхтавалі “Казачную энцыклапедыю беларускага лесу” з казкамі, вершамі і апавяданнямі.
У зборнік увайшлі вершаваныя і празаічныя творы пра звяроў, птушак і расліны беларускага лесу. Рубрыка “Цікавыя факты” дапаможа юным чытачам больш даведацца пра жыццё лясных насельнікаў, у якім шмат незвычайнага і загадкавага, а прымяненне спецыяльных QR-кодаў дазволіць напоўніць казачную энцыклапедыю дзівоснымі гукамі, якія можна пачуць у лесе ў розныя паравіны году.
Купіць можна ў кнігарнях Беларусі ці праз інтэрнэт, напрыклад, тут.
Прырода і феномен казкі застаюцца і ў сферы навуковых зацікаўленняў даследчыкаў. Беларуская Нацыянальная акадэмія навук па выніках ІІІ Міжнароднага форуму даследчыкаў беларускай казкі, які праходзіў у траўні 2023 году, выпусціла зборнік атрыкулаў і матэрыялаў канферэнцыі з назвай “Казка і міф у еўрапейскай прасторы 3: традыцыі і навацыі”.
Купіць можна ў кнігарні “Акадэмічная кніга” ў Менску.