8—10 лістапада ў польскім горадзе Катавіцы пройдзе Кірмаш кнігі, у межах якога ініцыятыва RKNO прэзентуе зборнік выбраных вершаў лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша “Чалавек шматпавярховы” ў беларускіх перакладах.
“Чалавек шматпавярховы” — плён працы беларускіх перакладчыкаў, сярод якіх Юрась Бушлякоў, Алег Мінкін, Андрэй Хадановіч, Ян Чыквін і Ганна Янкута. Укладальнікам кнігі “Чалавек шматпавярховы” стаў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, у ёй раскрываюцца разважанні Мілаша пра чалавека, грамадства і месца паэзіі ў свеце.
Чэслаў Мілаш, які перажыў вайну, савецкую і нацысцкую акупацыі і шмат гадоў правёў у эміграцыі, пакінуў паэтычную спадчыну, што глыбока даследуе пытанні чалавечага лёсу, свабоды і памяці. Яго творы натхняюць роздумы пра сутнасць чалавечнасці, нашы адносіны з мінулым і ролю паэзіі ў складаным свеце.
Кнігу нельга набыць, але яе можна бясплатна атрымаць у беларускіх супольнасцях і бібліятэках па ўсім свеце. Каб пакінуць заяўку, можна запоўніць форму па спасылцы.
Выданне серыі “Класіка польскай літаратуры для беларускіх чытачоў” стала магчымым дзякуючы праекту, які рэалізуеццаCentrum Białoruskiej Solidarności ў партнёрстве з выдавецтвам Gutenberg Publisher пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Польшчы ў рамках конкурсу “Публічная дыпламатыя 2024”.
Як паведамляў раней Bellit.info, у межах праекту Rzecz Książkowa Obojga Narodów (RKON) выйшла чатыры новыя кнігі: Чэслаў Мілаш, Рышард Капусціньскі, Баляслаў Прус і Ян Бжэхва.