Выдавецкая ініцыятыва “Nadja / Надзя” апублівакала па-беларуску калектыўны зборнік трох сцяганосцаў сюррэалізму — “Знізь хуткасць работы” Андрэ Брэтона, Рэнэ Шара, Поля Элюара.
Над перакладам з французскай працавалі: Ліна Зо, Вера Бакстэр і Міхал Клімаў. Выданне праілюстраванае Стасяй Бянчук.
“Зборнік з трыццаці вершаў быў цалкам складзены ўсяго за 5 дзён, з 25 па 30 сакавіка 1930 года, адчас сумеснага адпачынку трох паэтаў ў Авіньёне на поўдні Францыі. Назвай для кнігі паслужыў дарожны знак, які кампанія ўбачыла на шляху да горада. Да вершаў былі падрыхтаваныя прадмовы, і ўжо 20 чэрвеня зборнік выйшаў з друку ў выдавецтве Хасэ Карці”, — расказваецца ў каментары-паслямове пра гісторыю стварэння кнігі.




PDF-версію кнігі “Знізь хуткасць работы” можна вольна спампаваць проста цяпер. Пра іншыя метады распаўсюджання выдання ініцыятыва “Надзя” мае паведаміць пазней.
Як пісаў Bellit.info, выдавецкая ініцыятыва у 2024 годзе выпусціла з друку пераклад кнігі вершаў Поля Элюара “Каханне Паэзія”. Надалей у планах ініцыятывы пераклады французскіх дадаістаў, сюррэалістаў, папярэднікаў авангарду.






