Зборнік традыцыйных песень дапоўніў серыю “Фальклорныя скарбы”

Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук выпусціў вялікі зборнік традыцыйных беларускіх песень “Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу”, які дапаўняе серыю “Фальклорныя скарбы Беларусі”.

У кнізе змешчаны беларускія каляндарныя песні з пераказам на расейскую і ангельскую мовы. Выданне шыкоўна ілюстраванае выцінанкамі ад Наталлі Бярнадскай і Вольгі Налівайкі, фотаздымкамі Паўла Ганчара, а таксама мае гукавы дадатак (старонкі маюць кюар-коды). На адмысловым YouTube-канале можна паслухаць аўдыязапісы, тэксты якіх змешчаны ў зборніку.

Зборнік укладзены Сяргеем Лісіцай, прадмову напісала Таццяна Валодзіна.

Кніга ўжо прадаецца ў менскіх кнігарнях, у прыватнасці ў “Акадэмічнай кнізе”. Неўзабаве мае адбыцца прэзентацыя выдання.