Выйшлі кнігі пра Заходнюю Беларусь і міжваенную Вільню

Пісьменнік і краязнавец Леанід Лаўрэш апублікаваў дзве кнігі, якія знаёмяць чытача з гісторыяй міжваеннай Вільні і Заходняй Беларусі агулам. Адна з іх — скарочаны пераклад “Віленскага альбому” Станіслава Лорэнца, другая — зборнік выбраных артыкулаў віленскага пісьменніка і журналіста Юзафа Мацкевіча. Тэксты перакладзеныя з польскай мовы і даступныя для вольнага спампоўвання ў фармаце PDF на сайце Academia.edu.

У зборнік “Тут заўсёды было сэрца Вялікага Княства…” ўвайшлі пераклады некаторых газетных артыкулаў Юзафа Мацкевіча 1930-х гадоў, перадусім тых, якія на думку перакладчыка былі б цікавыя беларускаму чытачу. Сярод іншага, некалькі інтэрв’ю з драматургам, тэатральным дзеячам і празаікам Францішкам Аляхновічам пасля адбыцця некалькіх гадоў катаргі ў Салавецкім лагеры.

“Дадам яшчэ, што мне як пісьменніку, было небескарысна займацца перакладам Мацкевіча, бо яго проза, яго стыль, яго крытыч- ны і саркастычны розум, па-сапраўднаму завабліваюць. Есць у гэтым зборніку і некалькі тэкстаў яго брата Станіслава, якія сэнсава дапаўняюць артыкулы Юзафа Мацкевіча”, — піша ва ўступным слове перакладчык Леанід Лаўрэш.

“Віленскі альбом” ўяўляе сабой выбраныя ўспаміны доктара Станіслава Лорэнца (Stanisław Lorentz), віленскага кансерватара ў 1929—1935 гадах, які адказваў за захаванне і рэстаўрацыю гістарычных помнікаў.

Станіслаў Лорэнц нарадзіўся 28 красавіка 1899 году ў Радаме (Польшча), памёр 15 сакавіка 1991 году ў Варшаве. Польскі мастацтвазнавец, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта (1947 год), ганаровы член многіх еўрапейскіх акадэмій, эксперт ЮНЕСКА.

Пасля заканчэння аспірантуры восенню 1924 году Лорэнц застаўся працаваць у Варшаўскім універсітэце. У 1927 годзе стаў чыноўнікам Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы. У 1929—1935 гадах узначальваў аддзелы аховы помнікаў у Віленскім і Наваградскім ваяводствах, адначасова выкладаў у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, з’яўляўся загадчыкам аддзела мастацтваў у віленскім ваяводскім кіраванні. У работах 1930-х гадоў даследаваў асобныя пытанні развіцця беларускай архітэктуры. Аўтар манаграфіі пра I. К. Глаўбіца “Ян Кшыштаф Глаўбіц, віленскі архітэктар XVIII ст.” (1937).

У выданні згадваюцца важныя для беларусаў прозвішчы: ад Фердынадна Рушчыца і Яна Булгака да Адама Міцкевіча і Антона Луцкевіча.


Абедзве кнігі змяшчаюць каментары ад ўкладальніка і перакладчыка Леаніда Лаўрэша.