25 кастрычніка ў Бельску Падляскім у Польшчы падчас фестывалю “Бардаўская восень” прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміі Анемпадыстава за найлепшы дызайн вокладкі кнігі, выдадзенай у 2023 годзе, паведамляе Беларускі ПЭН.
Пераможцамі сталі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку кнігі Насты Кудасавай “Побач”: “За графічнае адлюстраванне пачуццяў, што мы перажываем, і ўвасабленне паэтычнага свету ў адметных візуальных вобразах”.
На цырымоніі з вітальным словам выступілі старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай і сябра журы прэміі Артур Вакараў. Спецыяльным музычным госцем цырымоніі стаў спявак, паэт, мастак, а таксама сябар Міхала Анемпадыстава — Лявон Вольскі. Ён выканаў знакамітыя песні з “Народнага альбому” аўтарства Міхала Анемпадыстава.
Як раней пісаў Bellit.info, у кароткім спісе сёлета было 9 вокладак:
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі «Анталогія паэтак: выбранае Вальжынай Морт»
- Сяргей Шабохін – вокладка кнігі Зінаіды Бандарынай «Да новага заўтра»
- Анатоль Лазар – вокладка кнігі Алеся Разанава «З маланкаю ў сэрцы»
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Мэіра Шалева «За сіняй гарой»
- Адам Паўлоўскі – вокладка кнігі Андрэя Сцепанюка «Зямля над белай ракой»
- Святлана Дземідовіч, Лукаш Левандоўскі – вокладка кнігі Насты Кудасавай, Святланы Дземідовіч «Побач»
- Сяргей Шабохін – вокладка кнігі Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца»
- Сяргей Шаматульскі – вокладка кнігі Сяргея Лескеця «Шэпт»
- Артур Камароўскі, Ксенія Шталенкова – вокладка кнігі Артура Камароўскага «Corpus Vile»
У склад Аргкамітэту прэміі ўваходзяць Беларускі ПЭН і «Fundacja Open Culture». Партнёрамі прэміі сталі ТАА «H&L» і кампанія «Laut-Foreigner». Партнёр цырымоніі ўзнагароджання – Фестываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песні «Бардаўская восень».
Нагадаем, што прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава. Першым пераможцам прэміі стаў Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычарда Гавяліса. 2022 год стаў першым, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Узнагароду мінулага года атрымалі дызайнерка Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA.