З ініцыятывы літаратараў Андрэя Дудко і Паўла Анціпава паўстала новае беларускае незалежнае выдавецтва “Лысы чэрап”. Цяпер да выпуску рыхтуецца ўжо другая кніга — “Звезда и вор” Канстанціна Чарухіна.
“Усё будзе як мы любім: хутка, танна, без забабонаў. Акцэнт мы робім на літаратуры, і робім гэта для чытача. Плануем выпускаць кнігі, якія нам падабаюцца, і якія чамусьці засталіся па-за ўвагай камерцыйных выдавецтваў. Ніякай [лухты] і графаманаў, толькі сапраўдная літаратура”, — напісаў Андрэй Дудко ў фэйсбуку, абвяшчаючы пачатак працы выдавецтва і выпуск першай кнігі — раману Канстанціна Сцешыка “Каждый охотник”.
Цяпер выдавецтва анансуе выхад кнігі “Звезда и вор” (“Зорка і злодзей”) Канстанціна Чарухіна. Гэта тоўстая казка, якую будзе прыемна чытаць са сваім дзіцем зімовымі вечарамі. Дарослым таксама абяцаюць прыемнае чытанне. Такая проза рэдкі госць у нашым кнігавыданні.
Падрабязней у анатацыі:
“Усё пачалося з таго, што вандроўны прадавец непатрэбных істотаў прадаў Трыстану і Ізольдзе яйка аксітанскага фенікса. Добры падарунак будзе ўнукам, якія сабраліся на лета да сваіх прабацькоў. Якраз навукоўцы абвясцілі, што да Зямлі рухаецца дзіўная зорка Артэмісія, вельмі маленькая, не большая за футбольны мяча – ніяк нельга прапусціць яе падзенне. Ды толькі вось у дачным пасёлку аб’явіўся таямнічы злодзей у чырвонай шапцы, закручанай як ракавіна вінаграднага смаўжа, і падобна, што ён захацеў папсаваць жыццё ўсім навокал.
Як Туве Янсан, Ханс Андэрсан і іншыя сапраўдныя казачнікі Канстанцін Чарухін адкрывае ў сваім рамане свет не толькі нястрымнай выдумкі, але і чароўнай тугі, што робіць кнігу яркім узорам той дзіцячай прозы, якая падыходзіць таксама і дарослым”.
Замовіць кнігу можна па наступных спасылках:
ko-fi.com
buy.stripe.com
buy.stripe.com
За дзейнасцю выдавецтва можна сачыць у Тэлеграме https://t.me/lysycerap