Rzecz Książkowa Obojga Narodów (RKON) — выдавецкі праект Gutenberg Publisher і Цэнтру беларускай салідарнасці, які рэалізуецца дзякуючы падтрымцы Польшчы, і выпускае пераклады польскай літаратуры на беларускай мове. У межах праекту выйшла чатыры новыя кнігі: Чэслаў Мілаш, Рышард Капусціньскі, Баляслаў Прус і Ян Бжэхва.
Зборнік вершаў “Чалавек шматпавярховы” лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1980 года Чэслава Мілаша, укладальнік Андрэй Хадановіч. Пераклалі з польскай Юрась Бушлякоў, Алег Мінкін, Андрэй Хадановіч, Ян Чыквін і Ганна Янкута.
Кніга “Яшчэ адзін дзень жыцця” выбітнага польскага журналіста і пісьменніка ў жанры нон-фікшн Рышарда Капусціньскага.
“Лялька” — сацыяльна-псіхалагічны раман, адзін з найбольш значных твораў польскага пісьменніка-рэаліста Баляслава Пруса.
Кніжка-вершык для дзетак “Хрушч” польскага паэта, пісьменніка і перакладчыка Яна Бжэхвы.
Як тлумачаць аўтары праекту, купіць гэтыя кнігі нельга, але бібліятэкі і асяродкі беларусаў па ўсім свеце атрымаюць іх бясплатна. Каб пакінуць заяўку, неабходна запоўніць форму па спасылцы.