Агляд парушэнняў моўных правоў у Беларусі з 1 ліпеня па 31 снежня 2025 году

Беларуская мова з’яўляецца неад’емным элементам культурнай ідэнтычнасці народа Беларусі і мае статус дзяржаўнай мовы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Права асобы карыстацца роднай мовай, у тым ліку ў сферах адукацыі, доступу да інфармацыі, удзелу ў культурным жыцці і зносінаў з органамі дзяржаўнай улады, складае неад’емную частку культурных правоў чалавека.

Гэтыя правы гарантаваныя як нацыянальным заканадаўствам, так і міжнароднымі абавязацельствамі Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, удзельніцай якіх з’яўляецца Беларусь.

Нягледзячы на фармальнае замацаванне роўнага статусу беларускай мовы ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававыя абавязальніцтвы дзяржавы, на практыцы беларуская мова падвяргаецца сістэматычнай маргіналізацыі і дыскрымінацыі. Яе выкарыстанне паслядоўна абмяжоўваецца ў ключавых сферах грамадскага жыцця, уключаючы адукацыю, дзяржаўнае кіраванне, судовую сістэму, пенітэнцыярныя ўстановы, фінансаваныя дзяржавай культурныя інстытуцыі, сродкі масавай інфармацыі і публічную прастору.

У справаздачны перыяд зафіксаваныя шматлікія выпадкі, калі ўжыванне беларускай мовы выклікала негатыўнае стаўленне з боку прадстаўнікоў улады, прыводзіла да адміністрацыйнага ціску або карных захадаў. Асабліва ўразлівымі аказаліся дзеячы культуры, журналісты, асобы, пазбаўленыя волі, а таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, што сведчыць пра выкарыстанне моўнай прыкметы як інструмента сістэмнай дыскрымінацыі і ціску.

Прыведзеныя ніжэй дакументаваныя факты сведчаць, што абмежаванне ўжывання беларускай мовы не мае выпадковага або эпізадычнага характару. Наадварот, яны ўказваюць на існаванне ўстойлівай, інстытуцыяналізаванай практыкі дыскрымінацыі, якая ажыццяўляецца з удзелам дзяржаўных органаў або з іх маўклівай згоды. Такая практыка ўключае як актыўныя дзеянні, так і бяздзейнасць, у тым ліку адсутнасць эфектыўных механізмаў забеспячэння права на карыстанне беларускай мовай, а таксама прымяненне рэпрэсіўных захадаў у дачыненні да асоб, якія настойваюць на рэалізацыі сваіх моўных правоў.

Апісаныя дзеянні не сумяшчальныя з міжнароднымі абавязаннямі Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека, уключаючы абавязак паважаць, абараняць і забяспечваць культурныя правы без дыскрымінацыі. Яны таксама падрываюць прынцыпы роўнасці перад законам, павагі да чалавечай годнасці і культурнай разнастайнасці, спрыяючы сістэмнаму выцісканню беларускай мовы з жывой грамадскай і культурнай прасторы.

Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае сістэмны маніторынг становішча беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь і фіксуе выпадкі дыскрымінацыі мовы і яе носьбітаў з мэтай іх далейшай дакументаванай ацэнкі і выкарыстання ў межах міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека.

У другім паўгоддзі 2025 году ў адкрытых крыніцах інфармацыі былі зафіксаваныя наступныя выпадкі, якія сведчаць пра дыскрымінацыйныя практыкі ў дачыненні да беларускай мовы.

3 ліпеня 2025 году дзяржаўны прапагандыст Дзмітрый Жук у эфіры тэлеперадачы «Клуб редакторов» на першым інфармацыйным тэлеканале news.by заявіў пра неабходнасць захавання, у тым ліку, расейскай мовы як сродку «абароны» Беларусі ад знешняга «ўдару». У кантэксце агульнай дзяржаўнай рыторыкі такое выказванне фактычна прадстаўляе беларускую мову як пагрозу нацыянальнай бяспецы і спрыяе яе стыгматызацыі ў публічнай прасторы.

3 ліпеня 2025 году грамадзянка Беларусі Ірына паведаміла ў сацыяльнай сетцы Threads пра праблему, звязаную з транслітарацыяй яе імя на лацінку з беларускай мовы. Яна адзначыла, што існы варыянт транслітарацыі выклікае ў яе моцнае абурэнне і не адпавядае беларускай моўнай норме. Згодна з Інструкцыяй аб парадку транслітарацыі прозвішчаў і ўласных імёнаў грамадзян Рэспублікі Беларусь пры ўключэнні іх персанальных даных у рэестр насельніцтва, зацверджанай пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2008 году №288, транслітарацыя павінна ажыццяўляцца з правільнага напісання імя на беларускай або рускай мове, зафіксаванага ў дакументах, якія пацвярджаюць асобу.

7 ліпеня 2025 году ў мінскай галерэі «Парасон» (вул. Дразда, 8) планавалася правядзенне культурнай вечарыны, прысвечанай беларускай паэтцы Ларысе Геніюш. Абвешчанае мерапрыемства выклікала масіраваную інфармацыйную атаку з боку дзяржаўных прапагандыстаў і праўладных каментатараў. Пасля публічнага ціску і негатыўнай кампаніі ў дзяржаўных і прадзяржаўных медыя абвестка пра вечарыну была знятая, а мерапрыемства — адменена.

11 ліпеня 2025 году Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін падпісаў указ «Аб зацвярджэнні Асноваў дзяржаўнай моўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі», у якім расейская мова абвяшчаецца «нацыянальным здабыткам» і элементам цывілізацыйнай еднасці так званага «рускага свету». У кантэксце цеснай палітычнай і ідэалагічнай інтэграцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй такі падыход мае трансгранічны ўплыў і спрыяе іерархізацыі моў, фактычна надаючы расійскай мове прывілеяваны статус у шкоду іншым мовам, у тым ліку беларускай.

17 ліпеня 2025 году ў горадзе Ліда да Дня беларускага пісьменства на бульвары Гедыміна была ўсталяваная алея арт-лавак, прысвечаных кніжнай тэматыцы. Усе тэкставыя надпісы на лаўках былі выкананыя выключна на расейскай мове

22 ліпеня 2025 году Кніжная палата апублікавала справаздачу аб выпуску кніжнай прадукцыі за 2024 год. Паводле афіцыйных даных, у 2024 годзе пераважная доля кніжных выданняў прыпадала на расейскамоўную прадукцыю — 80,9%. Кнігі на беларускай мове склалі 12,5%, выданні на іншых мовах — 6,6%. У абсалютных паказчыках на беларускай мове было выпушчана 893 найменні кніг агульным тыражом 3,1 млн экзэмпляраў. Найбольшая доля беларускамоўных выданняў зафіксаваная ў сегменце дзіцячай літаратуры: у жанры фальклору (казкі) каля паловы кніг выходзіць на беларускай мове, у сегменце мастацкай прозы — каля 26%.

23 ліпеня 2025 году карыстальніца сацыяльнай сеткі Instagram апублікавала відэапост, у якім прадэманстравала выпадкі негатыўнага стаўлення з боку асобных грамадзян да выкарыстання беларускай мовы ў паўсядзённай камунікацыі.

У публікацыі адзначаецца, што такая рэакцыя ўспрымаецца аўтаркай як вынік працяглай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, якая на працягу многіх гадоў фармавала ў грамадстве негатыўныя стэрэатыпы ў дачыненні да беларускай мовы і яе носьбітаў

24 ліпеня 2025 году стала вядома, што ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы была ўведзена новая паслуга — правядзенне ўрачыстай цырымоніі рэгістрацыі шлюбу. Паводле апісання паслугі, сама цырымонія праводзіцца на расейскай мове, а пасведчанне аб заключэнні шлюбу выдаецца выключна на расейскай мове.

24 ліпеня 2025 году былы палітычны зняволены і грамадзянін Латвійскай Рэспублікі Дзмітрыйс Міхайлаўс у інтэрв’ю «Радыё Свабода» паведаміў пра факты дыскрымінацыі зняволеных, якія карыстаюцца беларускай мовай, у пенітэнцыярных установах Рэспублікі Беларусь. Паводле яго сведчанняў, беларускамоўныя зняволеныя падвяргаліся сістэмнаму ціску, у тым ліку фізічнаму гвалту, за спробы карыстання беларускай мовай у паўсядзённай камунікацыі.

29 ліпеня 2025 году ў беларускіх медыя была апублікаваная публічная заява прыватнай асобы, у якой выкарыстанне беларускай мовы ў паўсядзённай камунікацыі характарызавалася як «нязручнае» і «недапушчальнае» без папярэдняга дазволу суразмоўцы. Беларуская мова пры гэтым прадстаўлялася як скажоная форма расейскай мовы.

2 жніўня 2025 году стала вядома пра выпадак пераследу зняволенага за выкарыстанне беларускай мовы ў папраўчай установе. Паводле апублікаванай інфармацыі, асуджаны па палітычным артыкуле Іван (імя зменена ў мэтах бяспекі) двойчы быў змешчаны ў штрафны ізалятар (ШІЗА) за спробы размаўляць па-беларуску падчас адбыцця пакарання.

4 жніўня 2025 году Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь паведаміла аб дапаўненні спісу друкаваных выданняў, забароненых да распаўсюджання на тэрыторыі краіны, яшчэ 31 найменнем. Сярод уключаных у пералік — зборнік «Вось яны, а вось мы. Беларуская паэзія і вершы салідарнасці» (складальнік — Уладзімір Каркуноў). У кнізе, выдадзенай у 2021 годзе ў Расійскай Федэрацыі, сабраныя вершы сучасных беларускіх паэтаў у арыгінале і перакладах, а таксама тэксты, апублікаваныя на партале polutona.ru у жніўні 2020 году.

5 жніўня 2025 году ў адказ на зварот моўнага актывіста і праваабаронцы Ігара Случака Мінэканомікі паведаміла, што з 3044 нарматыўных прававых актаў, выдадзеных ведамствам, толькі 3 былі прынятыя на беларускай мове, што складае 0,1% ад агульнай колькасці.

27 жніўня 2025 году дырэктарка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка заявіла аб запуску спецыяльнага праекта «РТБД па панядзелках». У межах праекта плануецца ажыццяўляць пастаноўкі расійскай класічнай драматургіі на рускай мове. Паводле яе слоў, такі фармат абгрунтоўваецца тым, што расійская класіка разглядаецца як «культурная прастора», якая можа спрыяць развіццю трупы і міжнародным сувязям. Таксама паведамлялася пра намер уключыць у рэпертуар творы расійскага пісьменніка Захара Прылепіна, у тым ліку пастаноўку «Пацанскія аповеды». Адзначалася, што вядзецца камунікацыя з расійскім рэжысёрам Юрыем Пахомавым адносна магчымай рэалізацыі пастаноўкі.

Дырэктарка таксама паведаміла, што тэатр разглядае магчымасць гастроляў у Расійскай Федэрацыі і арыентуецца, у тым ліку, на расійскую аўдыторыю.

30 жніўня 2025 году стала вядома, што ў Заслаўі, дзе сёлета праходзілі абласныя «Дажынкі», у якасці упрыгожвання горада падрыхтавалі 10 гарадскіх муралаў. На адным з муралаў адлюстраваны асветнік і друкар XVI стагоддзя Сымон Будны, пры гэтым побач з выявай размешчана цытата на расейскай мове: «Нет таких книг, у которых нельзя было чему-нибудь научиться». Нагадаем, што расейская мова з’явілася на беларускіх землях толькі праз 200 гадоў пасля смерці асветніка.

5 верасня 2025 году ў адказ на зварот моўнага актывіста і праваабаронцы Ігара Случака аб прадстаўленні тэхнічнай дакументацыі на прадукцыю на беларускай мове ААТ «Гомсельмаш» паведаміла аб адмове. У адказе адзначалася, што выкарыстанне беларускай мовы ў тэхнічнай дакументацыі, на думку прадпрыемства, можа выклікаць спрэчнасці ў разуменні і ўспрыманні тэхнічных тэрмінаў у значнай часткі спажыўцоў.

7 верасня 2025 году віцэ-прэм’ерка Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч падчас мерапрыемстваў Дня беларускага пісьменства ў горадзе Ліда прыняла ўдзел у дэманстрацыі тэхналогій берасцейскага ткацтва. Пры гэтым у публічнай камунікацыі яна выкарыстоўвала выключна расейскую мову.

13 верасня 2025 году журналістка Ларыса Шчыракова паведаміла, што ў папраўчай калоніі №4 у Гомелі відэазванкі родным дазваляюцца толькі на расейскай мове, а выкарыстанне беларускай мовы ўспрымаецца адміністрацыяй як «правакацыя».

16 верасня 2025 году палітзняволены журналіст Яўген Меркіс (вызвалены  і дэпартаваны ў Літву) распавёў выданню «Флагшток», што ў шклоўскай калоніі за размову па-беларуску зняволеных ставяць на прафілактычны ўлік, пазначаюць «жоўтай біркай» і змяшчаюць у штрафны ізалятар (ШІЗА).

20 верасня 2025 году ў Стоўбцах правялі забег «Шляхам Якуба Коласа», каб папулярызаваць творчасць земляка. Пры гэтым на інфармацыйным стэндзе цытата з яго верша «Нёман» была пададзена ў перакладзе на расейскую мову.

1 кастрычніка 2025 году Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь пашырыла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» больш як на 30 старонак. Так, у гэты спіс быў унесены сайт і сацсеткі інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат», дзве кнігі Валянціна Акудовіча («Код адсутнасці», «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым»), дзве кнігі Сашы Філіпенкі («Слон» і «Чырвоны крыж»), а таксама дзясяткі контркультурных твораў, якія сталі класікай сусветнай літаратуры. Кніга ўспамінаў Валянціна Акудовіча «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (2023) атрымала Прэмію Гедройця «за змястоўную і шырокую панараму беларускага інтэлектуальнага жыцця».

9 кастрычніка 2025 году падчас працоўнага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Таджыкістан дзеці віталі яго на беларускай мове. У адказ ён выкарыстаў толькі расейскую мову, прамовіўшы слова «спасибо».  

14 кастрычніка 2025 году стала вядома, што дзяржпрадпрыемства «Сетка публічных бібліятэк горада Гомеля» абвясціла электронныя аўкцыёны на набыццё новых кніг для дзяцей і дарослых. На закупку з бюджэту выдаткавалі звыш 16,5 тыс. рублёў (болей за 5,5 тыс. даляраў). Выданне «Флагшток» паведамляе, што прадпрыемства не набыло ніводнай кнігі на беларускай мове. Бібліятэчны фонд папаўняюць пераважна творамі расійскіх аўтараў, перакладамі заходніх аўтараў на рускую мову, перавыданнямі дзіцячых кніг часоў СССР.

1617 кастрычніка 2025 году ў Санкт-Пецярбургу праходзіла Другая міжнародная канферэнцыя «Руская мова — аснова інтэграцыйнага дыялогу ў рэгіёне СНД». У ёй прымала ўдзел дэлегацыя Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, у тым ліку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь. Яны заявілі аб прыхільнасці так званай Саюзнай дзяржавы да справы ўмацавання пазіцый расейскай мовы і развіцця адзінай гуманітарнай прасторы.

17 кастрычніка 2025 году стала вядома, што суд Кастрычніцкага раёна г. Мінска 29 верасня таго ж года прыняў рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкімі» кніжных выданняў Валера Гапеева «Вольнеры. Прадвесце» і «Вольнеры. Бясконцы дзень». «Вольнеры» — серыя фэнтэзійна-прыгодніцкіх гісторый пра старшакласнікаў адной з мінскіх школ па матывах беларускай міфалогіі.

25 кастрычніка 2025 году ў Віцебскім тэатры «Лялька», які раней ажыццяўляў пастаноўкі выключна на беларускай мове, адбылася прэм’ера спектакля «Дзяўчынка і мядзведзь». Пастаноўка была прадстаўлена на расейскай мове.

25 кастрычніка 2025 году стала вядома, што сталічныя чыноўнікі Рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 9 кастрычніка 2025 г. №4072 «Аб найменні і перайменаванні прыпыначных пунктаў транспарту агульнага карыстання ў горадзе Мінску» вырашылі насуперак дзейнаму закону змяняць рускія варыянты назваў на больш «правільныя». Паводле гэтага закона, у Беларусі найменні геаграфічным аб’ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на расейскую мову. Рашэннем жа Мінгарвыканкама шэраг назваў, якія былі згодна з законам транслітараваныя, цяпер перакладзены даслоўна на расейскую мову. Так, напрыклад, прыпынак «Парк 60‑годдзя Вялікага Кастрычніка» замест транслітарацыі — «Парк 60‑летия Великого Костричника», якая мусіла быць паводле закона, быў перакладзены як «Парк 60‑летия Великого Октября».

29 кастрычніка 2025 году суд Пружанскага раёна прызнаў экстрэмісцкім YouTube-канал «Будзьма дзецям», на якім апублікавана 5 частак беларускамоўнага лялечнага відэаспектакля «Прыгоды мышак».

27 лістапада 2025 году падчас удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў саміце АДКБ у Бішкеку (Кыргызстан), яго віталі на беларускай мове, але ён не здолеў адказаць па-беларуску.

3 снежня 2025 году мабільны аператар «life:) Беларусь» абвясціў пра рэбрэндынг, у межах якога кампанія пазіцыянавала сябе як лічбавы, а не мабільны аператар. Пасля абнаўлення карыстальнікі аплікацыі ў публічных каментарах адзначылі поўную адсутнасць беларускай мовы ў абноўленым дызайне брэнда, на вэб-сайце і ў афіцыйных праграмных прадуктах кампаніі. Паводле паведамленняў карыстальнікаў і медыя, аператар публічна заяўляў пра намер вярнуць беларускую мову, аднак на момант публікацыі матэрыялу гэтае абяцанне рэалізавана не было.

9 снежня 2025 году стала вядома, што музычны гурт «Дразды», які выконвае песні на беларускай мове, абвясціў аб спыненні сваёй дзейнасці. Лідар гурта Віталь Карпанаў у якасці прычыны назваў ціск з боку так званых «гіперактыўных блогераў», якія публічна патрабавалі забароны дзейнасці калектыву; сярод іх згадвалася і прапагандыстка Вольга Бондарава. Паводле даступнай інфармацыі, у апошні перыяд гурт меў дазвол на выступленні ў абласных цэнтрах Рэспублікі Беларусь, за выключэннем сталіцы.

23 снежня 2025 году мінчук звярнуў увагу на памылковы беларускамоўны надпіс у электронным талончыку на аналіз крыві, атрыманым у адной са сталічных медыцынскіх устаноў. У квітку надпіс «забор крови» пераклалі з расейскай мовы як «плот крыві», што азначае агароджу, а не забор крыві.

Пазней стала вядома, што падобны пераклад выкарыстоўваецца і ў іншых установах, у тым ліку ў НДІ гігіены, Мінскай гінекалагічнай бальніцы, Вялікакрушынаўскай школе і іншых установах.

25 снежня 2025 году ў горадзе Менску адкрыўся рэстаран класічнай беларускай кухні з назвай «Белы гусь». У беларускамоўнай назве ўстановы зафіксаваная граматычная памылка: у беларускай мове назоўнік «гусь» ужываецца ў жаночым родзе, адпаведна нарматыўная форма назвы павінна была б гучаць як «Белая гусь». Самец гусі ў беларускай мове абазначаецца словам «гусак».

25 снежня 2025 году ў інтэрв’ю YouTube-каналу ТОК праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі паведаміў, што суд адмовіўся весці судаводства на беларускай мове і таксама адмовіў у прадстаўленні перакладчыка. Паводле яго слоў, гэта адбылося нягледзячы на тое, што матэрыялы крымінальнай справы былі складзеныя на беларускай мове. У выніку Алесь Бяляцкі адмовіўся даваць паказанні ў судзе, паколькі суддзя не разумее беларускай мовы.

Прыведзеныя ў аглядзе прыклады сведчаць пра тое, што дыскрымінацыя беларускай мовы мае сістэмны і шматузроўневы характар. Яна праяўляецца адначасова ў дзейнасці дзяржаўных органаў, уладных структур, у пенітэнцыярнай сістэме, у сферы культуры, медыцыны, адукацыі і абслугоўвання, а таксама ў публічнай камунікацыі высокіх службовых асобаў. Зафіксаваныя выпадкі паказваюць не толькі на адсутнасць эфектыўных механізмаў абароны моўных правоў, але і на фармаванне асяроддзя, у якім выкарыстанне беларускай мовы ўспрымаецца як праблемнае або непажаданае і можа мець негатыўныя наступствы для асобаў, якія ёю карыстаюцца. Сукупнасць гэтых фактаў дазваляе сцвярджаць, што ў Рэспубліцы Беларусь сфармавалася сістэмная і інстытуцыяналізаваная практыка моўнай дыскрымінацыі, якая вядзе да паслядоўнага выцяснення беларускай мовы з публічнага, культурнага і дзяржаўнага жыцця.

У такіх умовах захаванне і абарона беларускай мовы мае не толькі культурнае, але і выразнае грамадзянскае значэнне. Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў будзе і надалей ажыццяўляць сістэмны маніторынг становішча беларускай мовы і публікаваць аналагічныя агляды не радзей чым раз на паўгода.

Калі вы сутыкаліся з выпадкамі дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не былі ўключаныя ў дадзены агляд, просім паведамляць пра іх па электроннай пошце: naszamova@gmail.com.

Обзор нарушений языковых прав в Беларуси с 1 июля по 31 декабря 2025 года (RU)

Survey of infringements of language rights in Belarus from July 1st to December 31st, 2025 (EN)