Збор на выданне прозы Сяргея Сыса

Паэт, перакладчык і праваабаронца Сяржук Сыс падрыхтаваў да выдання кнігу прозы “Пералёт-трава” і збірае сродкі на выданне праз краўдфандынгавую платформу Gronka.org.

Кніга мае падзагаловак “нясумная кніга беларускага выгнанца”. На думку аўтара, аповесці ў жанры нон-фікшн, якія складаюць кнігу, ёсць каштоўнымі сведчаннямі падзей, што адбыліся ў Беларусі пасля 2020 году: масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, вымушаная міграцыя дзясяткаў тысяч беларусаў, праблемы з адаптацыяй у новых умовах. Гэта толькі частка перажытага героямі кнігі.

Так галоўны герой загалоўнай аповесці “Пералёт-трава” апісвае жыццё, прыгоды і ўласныя перажыванні ў вымушанай эміграцыі. Уцёкі з Беларусі ў Расію і пагроза затрымання, тайны пераход ва Украіну і спроба адаптацыі. Затым – пачатак расейскай агрэсіі і поўны драматызму сыход у Польшчу, а далей у Нямеччыну і Літву. Межы, краіны, гарады, людзі.

Герой аповесці жыве, не маючы ані пашпарта, ані банкаўскага рахунку. На шчасце, на ўсім шляху сустракаюцца людзі, якія бяруць удзел у лёсе галоўнага героя, дапамагаюць, падтрымліваюць і ўрэшце становяцца часткаю яго эмігранцкага жыцця. Галоўны герой смяецца, плача, псіхуе, кахае і марыць…

Аповесць “За частаколам” – своесаблівы дзённік звычайнага беларускага “псіха”, дзе апісваюцца псіхічныя станы эмігрантаў і ўцекачоў з Беларусі: псіхічныя разлады, бясконцае пачуццё віны, трывогі, паніка і дэпрэсія. Аўтар, сярод іншага, параўноўвае ўтрыманне ў беларускіх Навінках і ў Літве, распавядае пра псіхіятраў у іншых краінах. Куды аўтар хіліць? Хоча паказаць, як людзі вырашаюць гэтыя праблемы, што і хто ім дапамагае ў такіх складаных сітуацыях. Ну і, вядома, пры гэтым спрабуе іранізіраваць сам з сябе.

У кнізе таксама змешчаны напісаныя ў апошнія гады апавяданні “Para Bellum” і “Згублены ключ”. На завяршэнне – цікавыя карацелькі-жыццёвінкі, некаторыя з іх друкаваліся ў перыёдыцы і сталі легендамі.

Больш падрабязна даведацца пра краўдфандынгавую кампанію і падтрымаць выданне кнігі Сяргея Сыса можна непасрэдна на сайце платформы Gronka.org.