Берлінскае выдавецта Edition Frölich здало ў друк новую кнігу-білінгву Юлі Цімафеевай “Ich zerchneide die Geschichte / Lyrik und Collagen. Рэжу гісторыю сабой / Вершы і калажы”. Цяпер на яе адкрыты перадпродаж у нямецкіх анлайн-кнігарнях, падзялілася навіной аўтарка ў фэйсбуку.
“1 прадмова, 31 калаж, 30 вершаў па-беларуску і ў цудоўным нямецкім перакладзе Ціны Вюншман (Tina Wünschmann). Агулам 80 старонак пад цвёрдай вокладкай”, — расказвае пра кнігу Юля Цімафеева.
Аўтарка напісала тэкст, які тлумачыць як і чаму паўстала кніга “Рэжу гісторыю сабой”:
“Спачатку гэта была забава і гульня: выразаць амаль выпадковыя элементы з часопісаў ды старых кніг і злучаць іх разам у абсурдныя кампазіцыі, але з часам мне стала відавочнай метафара, якая стаяла за гэтым заняткам. У эміграцыі ты, выразаная нажніцамі гісторыі з добра вядомага кантэксту, мусіш прызвычайвацца да існавання ў нязвыклых абставінах і шукаць сэнс там, дзе, падаецца, раней яго быць не магло, знаходзіць новую мову для азначэння сябе і абставін, а заадно помсціць паперы, якая стала прычынай і почасту ўвасабленнем выгнання ў выглядзе пашпартоў, дазволаў і даведак.




Вершы ў гэтай кнізе — ілюстрацыі да выяў. Кароткія і лаканічныя, яны яшчэ адзін элемент кампазіцыі, але ў іншым вымярэнні. Нічога не тлумачачы, яны толькі намякаюць на магчымае прачытанне”.
Выхад кнігі чакаецца ў пачатку верасня. Проста цяпер выданне можна замовіць тут — kulturkaufhaus.de ці тут — thalia.de.
У 2022 годзе ў выдавецтве Edition Frölich выходзіла паэтыяная фотакніга Юлі Цімафеевай “Мінск. Горад, якога мне не стае”.