Выдавецтва “Мяне Няма” адкрыла папярэдні заказ на новы раман Уладзіміра Казлова “Паўднёвы Захад” (“Юго-Запад”), які ёсць працягам рамана “Варшава”, дзеянне якога заканчваецца летам 1994-га.
“У той год пачаўся пераход ад свабоды да няволі. І праз 20 з лішнім гадоў я пішу аб гэтым пераходным перыядзе”, — тлумачыць аўтар у анатацыі да кнігі.
За вакном здымнага пакоя на Голубева — Менск другой паловы 90-х. Галоўны герой, з якім чытачы сустракаліся ў “Варшаве”, працуе журналістам, спрабуе пісаць прозу і думае, як жыць у гэтай краіне. Або не ў гэтай. Фірмовы вербальны мінімалізм, кінематаграфічнасць пісьма і выразныя дэталі часу (ад першага прэзідэнта да першага макдональдса) — “лёгкае” чытво пра складаныя часы. Гэтая кніга ўжо не пра надзеі і чаканні, а пра тое, як павольна і бязлітасна свабода пераўтвараецца ў тое, што потым назавуць “стабільнасцю”.
Замовіць “Юго-Запад” можна на сайце выдавецтва Mnnm.store.
Цяпер адкрыты папярэдні заказ — папяровы наклад чакаецца з тыпаграфіі ў жніўні 2026 году. Выдавецтва “Мяне Няма” нагадвае, што перадзамовы вельмі важныя, даюць упэўненасць у чытацкай зацікаўленасці і мажлівасць хутчэй надрукаваць кнігу.










