Выходзіць альбом пра беларускія пахаванні ў свеце

Беларускі інстытут навукі і мастацва ў супрацы з выдавецтвам фонду “Камунікат” выпускае грунтоўны альбом-даведнік “Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце”, створаны сябрамі Управы БІНіМу Наталляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам.

На больш чым 600 старонках змешчаныя каляровыя выявы надмагілляў і біяграмы пахаваных беларусаў і нараджэнцаў Беларусі ў Аўстраліі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Даніі, ЗША, Італіі, Канадзе, Нямеччыне, Францыі, Чэхіі, Чылі, Швецыі. Гэты дыхтоўны том ёсць вынікам шматгадовай збіральніцкай працы і падрымкі дзясяткаў зацікаўленых беларусаў з розных краінаў. Кніга выходзіць у серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”.

Паводле ўкладальнікаў, кніга рыхтавалася пяць гадоў, а матэрыялы да яе пачалі збірацца яшчэ ў 1990-я гады.

БІНіМ і аўтары дзякуюць усім, хто дапамагаў збіраць інфармацыю, а таксама прысвячаюць кнігу памяці Вітаўта Кіпеля, які быў захоплены ідэяй яе стварэння і асабіста шмат гэтаму паспрыяў. 

Сайт bellit.info мае адмысловы раздзел “Некропаль” — гэта база дадзеных пахаванняў беларускіх літаратараў па ўсім свеце, якая ствараецца намаганнямі Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў.