Выдавецтва Gutenberg Publisher, якое працуе ў Польшчы, анансавала новую кнігу і адкрыла на яе перадзамову. Гэта кніжка-кардонка для самых маленькіх ад Андрэя Скурко з назвай “Стукі-грукі — што за гукі: вершы пра інструменты”, якая мае выйсці 1 траўня.
Кніжка складаецца з 12 гісторый пра інструменты, якія праілюстравала мастачка Воля Кузьміч. Усе інструменты, сярод якіх малаток, рулетка, дрыль, рубунак і іншыя, атрымалі імёны, якія можна будзе знайсці на старонках кніжкі.
Стукі-грукі —
Што за гукі?
Малаток я ўзяў у рукі.
Ён вялікі і цяжкі.
Я іду шукаць цвікі!
Таксама маленькія чытачы даведаюцца, чаму зайцам забаранілі праносіць у рэйсавыя аўтобусы адкруткі, навошта кот схапіўся за дрыль і хто можа перакусіць жалезны дрот, падсілкаваўшыся кашай.
Да 1 траўня “Стукі-грукі — што за гукі: вершы пра інструменты” можна набыць па самай нізкай цане.