Фонд “Камунікат” і Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку перавыдаюць успаміны паэткі Ларысы Геніюш, якія раней выходзілі з назвай “Споведзь”. Новае выданне будзе называцца “Птушкі бяз гнёздаў”.
Кнігу можна проста цяпер замовіць са зніжкай на сайце Kamunikat.shop! Высылка пачнецца пасля 16 лютага.
Кніга таксама выходзіла на некалькіх мовах і пад рознымі загалоўкамі — у арыгінале “Споведзь”, па-польску “Ptaki bez gniazd”, а па-чэшску — “Pani Doktorowa”. Аднак, як у “Слове ад унука” піша Міхась Геніюш, сама аўтарка лічыла, што кніга мусіць называцца — “Успаміны”.
“Мая бабуля супраціўлялася такой назве [Споведзь] яшчэ пры жыцці — дадае Міхась Геніюш —сцвярджаючы, што людзі вызнаюць свае грахі і дрэнныя ўчынкі, але ў яе не было такіх перад сваёй краінай. Грахі і несправядлівасці сапраўды былі здзейсненыя, але ў адносінах да яе, і за гэта ейнай сям’і давялося заплаціць такую бязлітасную цану“.
Прадмову да ўспамінаў Ларысы Геніюш “Птушкі бяз гнёздаў”, якія выходзяць у Беластоку, напісаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў, які часта наведваў Бабулю ў Зэльве:
“Так мы называлі яе ў лістах і тэлефонных размовах, з любасцю, але і з асцярогаю, з увагі на «таварышаў маёраў», нашых куратараў з органаў. Бабуляю яна часта была і проста ў прыяцельскіх гаворках, што маглі падслухаць чужыя вушы. Зрэшты, думаю, гэбісты цудоўна ведалі: Бабуля – Ларыса Антонаўна Геніюш”.
“Апошняя сустрэча не магла быць доўгаю. Бабуля абняла нас ужо аслаблымі рукамі, багаславіла і на хвіліну замаўчала. А тады мы пачулі словы-запавет, пра якія можна сказаць: на ўсе часы. «Трымайцеся Беларусі і трымайце Беларусь»”, — прыводзіць словы Уладзімір Арлова Kamunikat.org.
У 2025 годзе спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш. Напярэдадні гэтага юбілейнага года, 19 снежня 2024 чэшскія ўлады прынялі рашэнне пра аднаўленне чэшскага грамадзянства Ларысе і Янку Геніюшам. У дакуменце гаворыцца, што яны ніколі не страчвалі гэтага грамадзянства, і што іх выдача савецкім уладам была незаконнаю.